Куды падзелася маемасць з нясвіжскага замка?

Дэтэктывы па прымусу

Ужо цяпер вы можаце наведаць магнацкі палац. 26 верасня 2008 года для турыстаў адкрыліся першыя адноўленыя залы. Некаторыя давялося рэстаўраваць наўздагад, бо не захавалася ні фатаграфій, ні арыгінальных рэчаў. Пакоям, дзе размяшчаліся бібліятэка і архіў, пашанцавала: знайшліся здымкі пачатку ХХ стагоддзя. Па фота скапіравалі колішні інтэр’ер — зрабілі нанова мэблю, жырандолі. Праз нейкі час сучасныя навадзелы пакрыюцца “высакароднай” пацінай часу — і ўжо не адрозніш іх ад аўтэнтыкаў.
Аднак навукоўцы лічаць, што дубліраваць арыгіналы муляжамі па ўсім замку — гэта не выйсце са становішча, калі сапраўдныя рэчы зніклі немаведама

куды.
— Трэба адшукаць усё, што магчыма са страчанага. Калі нельга будзе напасці на сляды арыгіналаў, то лепш не копіі ствараць, а падбіраць рэчы таго ж часу, падобныя да радзівілаўскіх, — рашуча настроена Галіна Кандрацьева, намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.
Жыццё прымусіла спадарыню Кандрацьеву з калегамі асвоіць прафесію дэтэктываў. Музейныя работнікі ходзяць па дамах, антыкварных крамах і шукаюць рэчы з палаца. Час да 2011 года не церпіць. Ува ўсю кіпіць работа рамонтнікаў у Камяніцы — корпусе справа ад галоўнага ўваходу ў замак. Затым сюды прыйдуць рэстаўратары: адновяць жывапіс, ляпніну на сценах, і настане пара расстаўляць мэблю...
— Але пакуль што мы сабралі не так і многа прадметаў, — расказвае пра цяжкасці і шляхі выхаду з іх Галіна Міхайлаўна. — Спярша меркавалі адкрыць палац
9 мая 2010 года — і да гэтай даты мы зусім не паспяваем навесці парадак. Але, мабыць, крызіс змусіў адсунуць тэрмін уводу помніка ў эксплуатацыю. Адпаведна з’явіўся рэзерв часу на пошук экспанатаў.
Дзе знайсці рарытэты? Некаторыя радзівілаўскія рэчы захоўваюцца ў прыватных калекцыях нясвіжцаў, але, са слоў спадарыні Кандрацьевай, даказаць, што гэта сапраўды прадметы з замка — цяжка. Напрыклад, у доме ксяндза Каласоўскага, былога пробашча тутэйшага касцёла Божага Цела, стаіць мэбля — скураны фатэль, сакрэтнік, вісяць на сценах абразы, карціны XIX стагоддзя. Усе яны — прыватная ўласнасць, і гаспадар толькі сам можа падарыць свае каштоўнасці дзяржаве.
 

 

“Залаты” туалет
Прасцей “вылічыць” княжацкія рарытэты ў антыкварных крамах і набыць іх. Але за якія грошы? На рэстаўрацыю выдзяляюцца вялікія сумы, а на закуп прадметаў для інтэр’ера сродкі паступяць толькі... у чацвёртым квартале.
Тым часам, са слоў Галіны Кандрацьевай, у адной з антыкварных лавак у мінскім Траецкім прадмесці яна знайшла туалетны прыбор, на якім выбіта кляймо з радзівілаўскім гербам — тры паляўнічыя ражкі. Прадаўцы рарытэта запрасілі 12 тысяч долараў. Плаціць пакуль што няма чым. Супрацоўнікі запаведніка “Нясвіж” непакояцца, што пакуль прыйдзе час паступлення на іх рахунак грошай, княжацкі ўмывальнік купяць іншыя, багацейшыя людзі.
У некаторыя крамы старажытнасцей кіраўніцтва нясвіжскага запаведніка разаслала альбомы з выявамі інтэр’ераў палаца Радзівілаў. Маўляў, калі нешта падобнае да выяўленага на фота з’явіцца, — паведамляйце.
Летась у выніку супрацоўніцтва з антыкварнымі крамамі для аздаблення замка былі набыты буфет, два фатэлі і чатыры крэслы, два кандэлябры, кітайскія вазы, сталовы посуд — пераважна XIX стагоддзя. Праўда, гэта не рэчы з замка, а толькі падобныя па стылю да тых, што некалі ўпрыгожвалі залы рэзідэнцыі Радзівілаў.
— Да 2011 года, мабыць, не паспеем набыць усё патрэбнае, — шкадуе Галіна Кандрацьева, але не засмучаецца: — Калі замак адкрыецца для наведвальнікаў, мы працягнем працаваць над стварэннем яго інтэр’ераў. Гэта работа на перспектыву.

Спіс Панамарэнкі

Найбольшы клопат — як вярнуць у палац тое, што мае бясспрэчнае дачыненне да будынка. У вестыбюлі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы вісяць два радзівілаўскія люстры, а ў Нацыянальным мастацкім музеі аснову калекцыі старажытнабеларускага мастацтва складаюць партрэты, вывезеныя з Нясвіжскага замка.
Год “паступлення” экспанатаў у музей і тэатр вядомы. У адной з залаў замка, адкрытых цяпер для наведвальнікаў, выстаўлены знакавы дакумент — выпіс з пратакола № 42 пасяджэння Бюро ЦК КП(б)Б ад 3 студзеня 1941 года “Аб перадачы маёмасці і каштоўнасцей былога замка Радзівіла” (тут і далей арфаграфія і стылістыка дакументаў захоўваюцца. — В.К.). Сам сакратар ЦК, фактычны кіраўнік Беларусі Панцеляймон Панамарэнка, зацвердзіў спецыяльную камісію для размеркавання маёмасці Радзі-вілаў. Камісія атрымала наказ:
“Имущество и ценности замка передать:
а) библиотеку и архив — Академии Наук БССР;
б) ценные художественные картины и скульптуры — Картинной Галлерее БССР (сучасны Нацыянальны мастацкі музей. — В.К.);
в) рыцарские доспехи, оружие и другое имущество рыцарского зала — историческому музею БССР и кино-студии;
г) коллекции охотничьего зала — музею Белостокского государственного заповедника (Беласток тады ўваходзіў у склад Беларусі. — В.К.);
д) костюмы, мебель — большому театру Оперы и балета БССР, БДТ-1 (Першы Беларускі дзяржаўны тэатр — цяперашні Купалаўскі. — В.К.), дому работников искусств”.
У 1941 годзе пачалася вайна. Мінскія ўстановы культуры былі разрабаваны акупантамі: многія нясвіжскія рэчы вывезлі ў Германію. Пасля вайны тое-сёе ўдалося вярнуць, але, паводле звестак спадарыні Кандрацьевай, 90 працэнтаў маёмасці прапала без вестак. Люстры ў Купалаўскім тэатры ацалелі, мабыць, таму, што ў гады вайны будынак не быў разбураны. Карціны ў музеі — той мінімум, які ўдалося пасля перамогі вярнуць з нямецкай “ссылкі”.


Нашто чырвонаармейцу жаночая сукенка?


Адкуль тады ў жыхароў Нясвіжа і ў антыкварных крамах выяўляюцца рэчы з радзі-вілаўскага замка? Некаторыя адказы на пытанне знайшліся ў “Матэрыялах расследавання аб раскраданні некаторых прадметаў з былога замка князя Радзівіла”, знойдзеных у фондах Нацыянальнага архіва Таццянай Воранавай, загадчыцай аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі НАРБ.
Скандальная гісторыя здарылася ў другой палове лета 1940 года. Камісар замка таварыш Краснік паскардзіўся начальніку Нясвіжскага райаддзела НКУС: “Во время моей поездки в Минск в ЦК КП(б)Б (с 27/VI по 6/VII-40 г.) обнаружены случаи нарушения замков, запор и печатей и проникновения в комнаты замка”. Пакуль Краснік, які адказваў за захаванасць палацавай маёмасці, быў у сталіцы, у замку нехта нібыта выламаў некалькі дзвярэй у бібліятэцы і архіве, паадчыняў вокны, дзверы ў рымарскую майстэрню. Камісар паведамляў у дакладной запісцы, што і раней, у маі месяцы, пасля прыезду з Мінска, заўважаў парушэнні замкоў і пранікненне пабочных асоб у былую ўправу ардынацыі, канцылярыю, “в кладовую через окно со стороны вала”, у іншыя памяшканні. У выніку пазнікалі са сваіх месцаў мужчынская бялізна, абутак.
Нехта браў сабе рэчы з гардэроба князёў. Але хто? І ці толькі адзенне ды абутак?
Пачалося расследаванне. Аказалася, з замка нехта ўзяў “три дамских платья и одну пару дамских туфель под цвет серебра”, у рымарскай майстэрні “было взято два куска кожи”. Краснік абвінаваціў у злачынствах чырвонаармейцаў 7-й стралковай роты 1-га мотастралковага палка, якія ахоўвалі ўваходы ў замак. “Со стороны политрука роты Ветрова и командира роты — лейтенанта Слепокурова имели место факты присвоения некоторых вещей из замка быв. князя Радзивилла, как то: матрацев, одеял, подушек, кроватей и др.”, — сведчыць дакумент з перапіскі паміж супрацоўнікамі НКУС.
Непасрэдныя камандзіры чырвонаармейцаў апраўдвалі падначаленых: “Во внутрь здания бойцы без разрешения комиссара замка не ходят”, тым больш, што толькі ў Красніка “от дверей замка находятся ключи”.


“Чемаданы.Вогон. Минск”

У архіве захавалася тлумачальная запіска чырвонаармейца Назарэнкі. Салдат прызнаўся, што неяк гутарыў з конюхам Уладзімірам Санько, і той расказваў, што “комиссар частенько ездил в Минск, возил по два-три чемадана, и чемаданы очень тяжелые. Потому я знаю, что я грузил их в вогоны. А уже по приезде обратно чемаданы были пустыми”.
Што было ў валізах, Назарэнка не мог сказаць, бо Красніка ніхто не меў права даглядаць. Аднак камісара замка вінавацілі ў тым, што ён “все время и почти два раза в месяц ездит в Минск и пробывает там по 10—15 дней”. Тады калі ён вартуе палац у Нясвіжы? І сапраўды, што ж ён возіць у сталіцу?
Краснік між тым вінаваціў камандзіра і палітрука 7-й стралковай роты ў тым, што яны вывезлі з замка “очень много кроватей и подушек”, хаця тыя і аднекваліся: “Таких случаев не было”. А тым часам нясвіжскі люд перашэптваўся, што “нет в городе ни у одного комиссара таких костюмов, как у комиссара замка
т. Красник”...
Не сакрэт, што чырвонаармейцы і супрацоўнікі органаў унутраных спраў, трапіўшы ў вызваленую ад палякаў Заходнюю Беларусь, спрабавалі ўсімі магчымымі спосабамі ўзбагаціцца. На былой ускраіне капіталістычнага свету яшчэ было чым пажывіцца, а тым больш у такім асяродку раскошы, як замак! Калі бралі найперш адзенне, падушкі, нават ложкі — значыць, бракавала сваіх.
Наўрад ці хтосьці тады задумваўся, што радзівілаўская рэзідэнцыя — помнік гісторыі. Да яе ставіліся як да збору дарагіх рэчаў, не інакш. Можна толькі здагадвацца, колькі рознай драбязы “вынеслі ў сваіх валізах” розныя таварышы Краснікі.
У “Высновах”, зробленых 23 жніўня 1940 года, пасля вывучэння справы аб крадзяжах, інструктар палітработы 23-га стралковага палка НКУС Паўночна-заходняй акругі палітрук і следчы Раброў паведамляў: “Недавно начальником РО (райаддзела. — В.К.) НКВД был задан вопрос комиссару замка: “куда он дел находящиеся в замке радиолу и патефон”, последний ответил: что он их передал секретарю ЦК КП(б)Б тов. Пономаренко, но когда проверили данный случай, то оказалось, что радиола и патефон находятся не у тов. Пономаренко, а у каких-то друзей комиссара замка в гор. Минске”. А калі б на той час дарагая апаратура аказалася ўсё ж у цэкоўскага начальніка, справу “замялі” б?
Красніка абвінавацілі ў інсцэніроўцы крадзяжоў: “побил кое-где стекла, открыл несколько дверей в замке, свалив всю вину на красноармейцев”. Намеснік начальніка войск НКУС БССР Курклін дадаў: “Со стороны комиссара замка тов. Красника я усматриваю явную клевету не только на красноармейцев, но и на секретаря ЦК КП(б)Б тов. Понаморенко”.
Але, як мы бачым з вышэй цытаванага дакумента, міне ўсяго паўгода, і таварыш Панамарэнка асабіста возьмецца за разбор радзівілаўскіх скарбаў...

 

Radziwill.by дзякуе Віктару Корбуту за дасланы спецыяльна для нашага сайта артыкул.