Слуцкія паясы: таямніцы знікнення і знаходак.
 
Надоечы з Масквы прыйшла добрая навіна. Слуцкія паясы з фондаў расійскага Дзяржаўнага гістарычнага музея будуць экспанавацца ў беларускім Нацыянальным мастацкім увесь час. Дамоўленасць дасягнута на ўзроўні міністраў культуры дзвюх краін Паўла Латушка і Аляксандра Аўдзеева. Аднак восем паясоў, якія зараз экспануюцца ў нашай сталіцы, у траўні вернуцца ў Маскву, але наўзамен прыбудуць іншыя, паведаміў дырэктар музея Ўладзімір Пракапцоў. І так паціху ўсе слуцкія шэдэўры, а іх у ДГМ 80, пабываюць на гістарычнай радзіме. Але як яны трапілі ў Расію?
Вось у чым пытанне. І гэта не адзіная загадка ў гісторыі нацыянальнага пояса-сімвала.

Загадка № 1: Шчукін паясы бачыць здалёк.
Раней па звычцы лічылася, што ў Маскву слуцкія паясы вывезлі са шляхецкіх маёнткаў у парадку рэквізіцыі пасля задушэнняў паўстанняў эліты грамадства супраць царызму. Калі так, то цяпер паўстало б пытанне пра рэстытуцыю. Але збор ДГМ папаўняўся рарытэтамі на цалкам легальных падставах. Быў такі купец - Пётр Шчукін. І меў ён запал да ўсходніх рэчаў. Неяк, калі хадзіў між шэрагаў Ніжагародскага кірмаша, ён прыкмеціў цудоўныя тканіны турэцкай працы. Гандляр растлумачыў яму, што гэта - паясы, якія ў модзе ў польскай шляхты. Шчукін прыгледзеўся да аксэсуараў: тонкая праца, трэба ўзяць. Вярнуўшыся ў белакаменную, калекцыянер навёў даведкі і выйшаў на рынак, дзе дзіўныя вырабы можна было купіць нядорага і ў вялікай колькасці. Першыя пастаўкі каштоўных тканін з заходніх губерняў імперыі пачаліся ў 1890 годзе. З Польшчы, Літвы прыходзілі ў Маскву пасылкі. Экспарт паясоў дапамог наладзіць рызнічы аднаго з касцёлаў старой расійскай сталіцы (ці не Святога Людовіка, што на Лубянцы, дзе пазней спалучаюцца шлюбам Янка Купала і яго ўмілаваная Ўладзіслава Францеўна Станкевіч?). Шэдэўры паступалі, у прыватнасці, з-пад Каўнаса, з-за Віслы. У 1912 годзе калекцыю Шчукіна паводле яго запавету атрымаў Імператарскі (сёння - Дзяржаўны) гістарычны музей. Як падлічыла Таццяна Іванова, загадчыца аддзелам тканін і касцюма, тут захоўваецца 80 цэлых і 60 фрагментаў шляхецкіх аксэсуараў.
 
 
Загадка № 2: армяне на службе ў Радзівілаў.
Слуцкімі паясы называем мы. А ў часы Шчукіна і раней іх называлі інакш - кунтушовымі, персідскімі. У кунтушы, доўгія паліто, прыбіралася шляхта. Зацягвалі свой убор дваране яркімі турэцкімі паясамі. Экспарт аксэсуараў з-за мора з цягам часу стаў нерэнтабельным. Прадпрымальныя магнаты наладзілі выпуск паясоў на месцы, - высветліла па архіўных крыніцах Алена Карпенка, загадчыца аддзелам старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. У канцы 1750-х гадоў Радзівілы запрасілі са Станіслава (цяпер Івана-Франкоўск) майстра Аванэса Маджаранца. Армянін па паходжанню, ён увайшоў у гісторыю пад імем Яна Маджарскага. Менавіта яму мы абавязаны стварэннем у Нясвіжы, а затым і ў Слуцку "фабрыкі пасоў перскіх". Прадукцыя Маджарскага выцесніла ўсходнія вырабы з рынка Рэчы паспалітай, - расстаўляе важныя акцэнты ў гісторыі даследчыца Ірына Скварцова. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, пажадаўшы адкрыць фабрыку паясоў у Гародне, звярнуўся да Радзівілаў з просьбай пазычыць майстра для наладжвання вытворчасці. Але той адмовіў каралю. Неўзабаве ўжо не турэцкія, а слуцкія паясы сталі падрабляць не толькі ў Гародні, але і пад Варшавай, і нават у французскім Ліёне. На Маджарскіх радзіма не забылася. Лявон, сын Яна, ганараваўся шляхоцкім званнем "за развіццё рамёстваў у дзяржаве", атрымаў пасаду ротмістра Наваградскага ваяводства і ганаровы тытул каралеўскага камергера.
 
 
Загадка № 3: Багдановіч - прамоўтар міфу.
У Польшчы слуцкія паясы я сустракала нават у вясковых музеях, не кажучы пра нацыянальныя галерэі, - Алена Карпенка заўважыла, што за Бугам да асабліва дарагіх для нас тканін стаўленне больш спакойнае. Чаму? У нас жа гэта рарытэт, нацыянальная рэліквія нумар 2 пасля Крыжа Святой Еўфрасінні!
Ёсць падставы меркаваць, што з прадмета сярэднявечнай фэшн-індустрыі ў нацыянальны знак пояс "ператварыўся" толькі напачатку ХХ стагоддзя. Не абыйшлося без магічнай сілы паэтычнага слова. Усё вырашыла адна сустрэча. Максім Багдановіч улетку 1911 года адзіны раз у жыцці наведаў Вільню. Начаваў у памяшканні рэдакцыі газеты "Наша нiва". Тут друкаваліся яго першыя вершы, таму месца прыпынку ў вялікім горадзе было абрана невыпадкова. Яго гідам па горадзе стаў Вацлаў Ластоўскі, сакратар рэдакцыі і прыхільнік таленту Максіма. Падчас наведвання "Нашай нiвы", па ўспамінах Вацлава Юсцінавіча, "асабліва глыбокае ўражанне зрабілі на Багдановіча рукапісы старых славянскіх кніг і дакументаў, а таксама слуцкія паясы, якія ён некалькі разоў перагледзеў". Гэта былі рэчы з будучага віленскага беларускага музея, экспанаты для якога збіраў калекцыянер Іван Луцкевіч. Багдановіч нядоўга прабыў у Вільні. А 28 чэрвеня 1912 года на старонках "Нашай нiвы" раптам з'явіўся яго верш "Слуцкiя ткачыхi". " Свае шырокiя тканiны на лад персiдскi ткуць яны ", - усе мы ведаем гэты радок на памяць. І не па газетнай публікацыі, а па складанцы "Вянок", які дапамог выдаць Максіму Ластоўскі на грошы княгіні Магдалены Радзівіл.
 
 
Загадка№ 4 : ткачыхі з валошкамі.
Вокладка "Вянка" ўпрыгожана вянком па "слуцкіх" матывах. Багдановіч пісаў, што "тчэ, забыўшыся, рука" слуцкай ткачыхі " заміж персiдскага ўзору цвяток радзiмы васiлька ". З Аленай Карпенка мы ўважліва разгледзелі паясы, выстаўленыя ў Нацыянальным мастацкім музеі. Але сярод узораў не адшукалі ніводнага васілька. Блакітныя кветачкі на адным поясе на паверку апынуліся цвічкамі. На вокладцы "Вянка", мяркуючы па ўсім, таксама намаляваны цвічкі. Акрамя таго, тканіны ўпрыгожваюць ружы, рамонкі, букеты, якія растуць на пнях. Ну і да ўсяго, паясы ткалі мужчыны. Паэзія і гісторыя не сыходзяцца. Але факт застаецца фактам, - дадае Ірына Скварцова, - у Слуцку Ян Маджарскі дайшоў да стварэння ноў-хаў. На аснове дэкору армянскіх, турэцкіх і персідскіх тканін майстар распрацаваў новыя кампазіцыі для канцоў паясоў, а яго сын Лявон зрабіў тое ж самае з арнаментамі сярэдняй часткі пояса. Слуцкія рэчы не былі копіямі ўсходніх тканін - з'явіўся новы брэнд. Нездарма кожны пояс вянчала вышыты золатам надпіс: зроблены "ў градзе Слуцку".
 
 
Загадка № 5 : Усё знікла?
Калі верыць таму, што кажуць маскоўскія спецыялісты, Шчукін атрымліваў паясы не з Беларусі. Можа і так. Мы ўжо ведаем, што слуцкая мануфактура працавала на рынак усёй Усходняй Еўропы. Ведаем і пра заводы, якія выраблялі імітацыі слуцкіх шэдэўраў. Інакш кажучы, і напраўду не ўсё тое слуцкае, што блішчыць. Але сумна ўсведамляць, што ў нашай краіне захоўваецца ўсяго пяць цэлых паясоў, вытканых у Слуцку, і шэсць - у майстэрнях іншых гарадоў. Тым часам да Вялікай Айчыннай вайны толькі ў папярэдніку Нацыянальнага мастацкага музея, Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, знаходзілася 47 паясоў! 32 з іх мелі паходжанне з Нясвіжскага палаца. У 1940 годзе шэдэўры "ездзілі" на выставу ў Маскву, затым вярнуліся ў Менск. А неўзабаве ў горад прыйшлі немцы...
 
 
Паясы ляжалі ў скрыні, у склепе карціннай галерэі. Пасля вайны ў Менск вярнуліся з нямецкага палону толькі пяць слуцкіх шэдэўраў, якія належалі Белдзяржмузею, папярэдніку гістарычнага. Яны дагэтуль захоўваюцца як зрэнка вока. Дзе згубленыя скарбы карціннай галерэі ніхто не ведае. Нацыянальны мастацкі музей мае патрэбу ў слуцкіх паясах. Яны патрэбныя ўсёй нацыі. Яшчэ год таму здавалася неверагодным, што рэчы з калекцыі Шчукіна застануцца ў Беларусі на бестэрміновае экспанаванне. Ці рашыцца маскоўская галерэя прынесці штосьці ў дарунак Менску, Слуцку? Нажаль, у музейным свеце няма месца шчодрасці. Але дыялог культур працягваецца. Уладзімір Пракапцоў ужо не раз казаў: "Мы гатовыя на раўнацэнны абмен. Нам ёсць што прапанаваць".

Radziwill.by дзякуе Віктару Корбуту за прадстаўлены адмыслова для нашага сайта артыкул і Алене Багдановіч за пераклад артыкула на беларускую мову.