Літоўскае барока. Артэфакт №3: барочны putto зь Міра.
B_putto_Reni  
                  
Для барочнага мастацтва вобраз пута (ад італ. putto – дзіця, маленькі хлопчык) вельмі адметная зьява, бо напрамкі зьвязаная з пэўнымі філязофскімі ўстаноўкамі эпохі. Як я згадваў ў папярэдніх двух зацемах, барока хацела злучыць у сваім віртуальным мастацкім сьвеце зямны й божы пачатак, парушыць межы ўяўленьня. Пута – сымбаль адначасова зямнога й анёльскага, цялеснага й духоўнага, жыцьця часовага (тэатральнага) і вечнага (райскага)… Вобраз вярнуўся ў эўрапейскую культуру з грэцкае й рымскае спадчыны яшчэ ў часы Рэнэсансу. Праўда канатацыі эпохі Адраджэньня былі трохі іншыя, як і сама тэхніка іканаґрафіі пуці. Для барока ж ён стаў адным з важкіх элемэнтаў
мастацтва.
Літоўскае барока не было выключэньнем. Мы можам знайсьці шматлікіх пуці, анёльчыкаў у храмах, на алтарах, карцінах. Але найбольш яскраваю ўнікальнаю (улічваючы лічанасьць захаваных твораў барока ў нас) выяваю такога кшталту ёсьць малавядомая барочная мармуравая скульптура пута зь Міра. Лёс гэтага загадкавага твору сапраўды інтрыгуючы. Тут больш пытаньняў, чым адказаў. 


У сярэдзіне 1980-х гг. яе знайшоў адзін зь беларускіх археоляґаў на прыватным падворку ў Міры. Аб паходжаньні яе ўвогуле нічога не вядома. Тады ж скульптура трапіла у экспазыцыю Гарадзенскага гісторыка-археаляґічнага музэю (у Старым замку), дзе выстаўлена дасюль як “надмагільле дзіцяці XVIII ст. зь Мірскага замку”. Відавочна, што датыроўка была зроблена (як часта ў нашых музэях дзеля некампэтэнтнасьці) “наўскідку” й спарадзіла яшчэ больш незразумеласьцяў.

Вядомая айчынная мастацтвазнаўца Ала Лявонава, адмысловец у гісторыі скульптуры, хіба адзіная зьвярнула на гэтую цікавую выяву ўвагу й згадала яе ў сваёй публікацыі “Скульптурны партрэт эпохі Рэнесанса” (“Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння”, Менск 1994, с. 116). Яна ідэнтыфікавала яе, як надмагільле дзіцяці першае трэці XVI ст. зь Мірскага замку. Праўда адразу ўзьнікаюць пытаньні, якога дзіцяці, дзе яно магло быць усталявана? Згадваючы гісторыю рода Ільінічаў, якія валодалі Міром тады, на жаль цяжка пацьвердзіць гэтую гіпотэзу. Цяжка ўявіць і хто з майстроў італійскай школы мог выканаць гэтую скульптуру  для мірскіх магнатаў, бо аніякіх зьвестак пра такія кантакты таксама няма (а ўлічваючы будаўніцтва Мірскага замку ў гэты час, яны б былі зусім ня лішнія). Чаму гэта ўвогуле ўласна надмагільле?..


А. Лявонава праводзіць аналёґіі з працамі флярэнтыйца Андрэа дэль Вэрок’ё (аўтарка памылкова называе яго “Андрэ Вероччы”), які зрабіў шмат выяваў пуці напрыканцы XV ст., а таксама з працамі італійскіх майстроў у Польшчы (надмагільлі Яна Аляксандра Тарноўскага 1540 г. і Людвіка Мікалая Шыдлавецкага 1525 г.). Але па-праўдзе плястыка твору зусім іншая, не рэнэсансавая, а хутчэй барочная. Можаце параўнаць самі: плястыка няроўных дыспрапарцыянальных ліній, агульныя барочныя формы, асабліва складкі покрыва/падушкі, на якой ляжыць хлопчык.


Мірская скульптура нашмат бліжэй працам рымскае школы першае паловы XVII ст., у прыватнасьці раньнім творам самога вялікага маэстра барока Джавані Лярэнца Бэрніні (“Пута на дэльфіне”, “Малады Юпітэр з казой Амальтэяй”). Зважаючы на гісторыю Міра, гэтая вэрсія выглядае куды больш праўдападобна. У гэты час будуецца мураваны Мікалаеўскі касьцёл (1599-1604 гг., у выглядзе барочнае трохнававае 6-слуповае базылікі), а ў замку ствараюцца дзьве капліцы: адна вядомая ў брамнае вежы (сьв. Крыштафа – у гонар апекуна “Сіроткі”, зрэшты як і Фарны касьцёл), а другая – у палацы.


Ітэр’еры касьцёла яшчэ ў часы Мікалая Крыштафа Радзівіла былі багата аздобленыя, створаны некалькі алтароў. Праўда большасьць зь іх была разнымі, як паведамляюць інвэнтары XVII- XVIIІ ст., хаця тамака таксама былі рэчы з волаву, срэбра й інш. Гэта ж тычыцца й замкавае капліцы. Верагодна скульптура пута была элемэнтам аздабленьня аднаго з алтароў (а зусім не надмагільлем!). У 1653 г. згадваецца тры алтары, уфундаваныя кн. Мікалаем Крыштафам Радзівілам “Сіроткаю”: галоўны з абразом Нараджэньня Хрыста й скульптурамі сьв. Крыштафа й Мікалая, бакавыя “ў капліцах” (бакавых навах) – Імя Марыі й апостала Андрэя, якія захаваліся й пасьля жахлівай маскоўска-казацкае навалы 1655 г.


Магчыма выява пута была зроблена па замове Радзівілаў тым самым італійскім майстрам, што й выдатнае мармуравае надмагільле (зь нясьвіскага Фарнага касьцёлу Найсьв. Божага Цела) кн. Крыштафа Мікалая Радзівіла (1590-1607), сына “Сіроткі”, які памёр у 1607 г. у Балёньі. Агульная барочная плястыка, тэхніка скульптуры вельмі падобныя й характэрныя для тагачаснае рымскае школы.


Такім чынам, што сабой уяўляе гэты даволі ўнікальны для Літвы твор? Гэта выява дзіцяці, якое ціха сьпіць на левым баку, падклаўшы адну руку пад галаву, а другой абапіраючыся на падушку. Круглы тварык упрыгожваюць курчавыя валасы ў барочнай плястыцы. Адной рукой ён трымаецца за нейкую рэч, якая ляжыць на падушцы й была працягам скульптурнае кампазыцыі (што яшчэ раз сьведчыць аб яе прызначэньні). Спакой, плястыка. Спроба імітацыі эмоцыяў, а не прыроднага рэалізму натуры. Фігура, сфармаваная Рэнэсансам, зьмененая ў барочныя формы, напоўнена барочнымі канатацыямі vanitas і неўміручасьці. Барока ва ўсёй сваёй прыгажосьці...
Іншы магчымы час ўзьнікненьня твору – пачатак XVIII ст. (каля 1710 г.), калі ў касьцёле праводзіліся аднаўленчыя працы. Інвэнтар 1721 г. зафіксаваў наяўнасьць ужо аж 8 аздобленых алтароў, а да 1744 г. да іх дадаліся яшчэ чатыры… Праўда большасьць скульптураў відавочна была разная. У другой палове XVIII ст. касьцёл не ўзнаўляецца дзеля паступовага заняпаду мястэчка й фінансавых праблемаў Дому Радзівілаў. У 1865 г. ён быў адабраны праваслаўнаю царквой. Большасьць каштоўнасьцей заставалася ў ім, але пасьля 1939 г. храм быў зачынены бальшавікамі й большасьць іх была канчаткова страчана. Так, разныя скульптуры апосталаў Пятра й Паўла сярэдзіны ХІХ ст. былі перавезеныя ў Менск, а цудатворная ікона Маці Божае Шкаплернай (Мірскай) пачатку XVII ст., фундатарскі партрэт “Сіроткі” 1-е чвэрці XVII ст. і некалькі літургічных адзеньняў пачатку XVII ст. былі незаконна вывезеныя ў Польшчу ў 1945 г., дзе захоўваюцца дасюль. Верагодна ў гэты ж час скульптура пута была вынесена з касьцёлу й трапіла на прыватны падворак.


Так ці інакш, лякалізаваць час стварэньня гэтага твору трэба паміж XVII ст. – першай чвэрцю XVIII ст., як высокамастацкага плястычнага помніка эпохі барока, якія на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага амаль не захавалася. Мажліва калісьці сьвецкія й рэлігійныя ўлады паклапоцяцца дзеля таго, каб вярнуць скульптуры апосталаў і абраз Маці Божае Шкаплернай назад у касьцёл, а арыґінальны фундатарскі партрэт кн. Мікалая Крыштафа Радзівіла й унікальныя старадаўнія літургічныя шаты маглі б аздобіць залі музэю Мірскага замку. Натуральна прыгожая скульптура барочнага пута таксама мусіць вярнуцца ў Мір, тым больш, што зрабіць гэта будзе значна прасьцей…  
 
Radziwill.by дзякуе Магістру гісторыі Кірылу Карлюку за дасланы артыкул.