Ці будзе мір пад Мірам?
Адна з хваравітых кропак аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі – Мірскі замак. Цудоўны прыклад замкавага дойлідства Беларусі, які спалучыў у сябе рысы готыкі і рэнесансу, пярліна ў нашай культурнай скарбонкі, аб’ект, які ўваходзіць у Міжнародны спіс прыроднай і культурнай спадчыны.
Але нешта засмучае, калі да помніка прыязджаеш. Адразу ўзнікае шэраг прыкрых пытанняў да рэстаўрацыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў дадзены момант. Не хацелася б браць м абмяркоўваць самі замкавыя муры. Тут ёсць над чым спрачацца, над чым трэба дыскутаваць. У дадзены момант хацелася б звярнуць увагу на самае відавочнае – на тое, што робіцца вакол помніка, на так званае “добраўпарадкаванне”, якое ўвабрала ў сябе столькі жалезабетону, тратуарнай пліткі і ўсяго іншага, што замак на створаным сучасным фоне, асабліва ўлічыўшы пошлую ружовую афарбоўку, выглядае ні чым ня лепш загараднага катэджу “новага беларуса”. Можа пытанне гэта спрэчнае. Відавочна знойдуцца індывідумы, якім такая сітуацыя даспадобы. Відавочна знойдуцца і апаненты. Таму высоўваецца даволі цікавая прапанова. Для ўсіх катэгорый і слаёў насельніцтва, хто цікавіцца гісторыяй, культурай, лёсам нашых помнікаў. 
Зараз ужо амаль 30 год, як вядзецца рэстаўрацыя замка. Ужо варта асэнсаваць і абмеркаваць усе плюсы і мінусы. Каб асэнсаванне адбылося, прапануецца шырокая дыскусія, дзе можна будзе выказаць самыя розныя погляды і меркаванні па праблеме рэстаўрацыі аднаго з самых значных па свайму статусу беларускіх помнікаў.А са свайго боку Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зробіць спробу прасвятліць афіцыйную пазіцыю ў дачыненні да праблем рэстаўрацыі замку, дзеля чаго напачатку падрыхтавала ўжо першы ліст у першую інстанцыю – КУП “Мінскпраект”, бо менавіта ў нетрах гэтай арганізацыі распрацоўваецца для Мірскага замку праектная дакументацыя.  

КУП “Мінскпраект”
У 2010 – 2011 гг будуць канчаткова завершаны працы па рэстаўрацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Замкавы комплекс “Мір”, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей пад шыфрам 410Г000317. Згодна Дзяржаўнага спісу пад аховай дзяржавы знаходзяцца не толькі будынкі і збудаванні замка, але планіровачная структура, ландшафтныя кампазіцыі, рэшткі земляных абарончых збудаванняў і элементы абваднення.
Згодна арт. 27 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” павінны прымацца меры па прадухіленню прычынення шкоды або пагрозы яе прычынення, пагаршэння ўмоў успрымання гiсторыка-культурных каштоўнасцей (навакольнага асяроддзя i зон аховы нерухомых гiсторыка-культурных каштоўнасцей).
Арт. 28 вышэйназванага Закона навукова прадугледжвае, што неабгрунтаванае змяненне i пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi (яе навакольнага асяроддзя i зон аховы) дапускаюцца толькi па рашэнню Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, калi iх неабходнасць выклiкана правядзеннем мерапрыемстваў па лiквiдацыi вынiкаў стыхiйных бедстваў, катастроф, ваенных дзеянняў.
Сучасныя працы па правядзенню добраўпарадкавання тэрыторыі вакол замка парушаюць гістарычны ландшафт, фальсіфікуюць успрыманне замка ў сістэме склаўшагася ландшафту і захаваўшайся традыцыйнай планіровачнай структуры мястэчка Мір, па сутнасці, робяць унікальны помнік архітэктуры невялікім элементам штучна створанага сучаснага ландшафтнага асяродку. Просім растлумачыць, на якой падставе, у парушэнне дзеючага заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Вашым прадпрыемствам распрацоўваліся праектыя рашэнні ў межах добрааўпарадкавання тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, у якіх праглядаюцца прыкметы парушэнняў арт. 27, 28 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” і катэгорыі, пазначаныя ў Дзяржаўным спісе, якія прадугледжваюць ахову ландшафтных кампазіцый, рэшткаў земляных абарончых збудаванняў і элементаў абваднення.
 
Radziwill.by дзякуе Антосю Астаповічу за артыкул.