Наш стыль: мястэчка Мір
miasteczka02
   
Мірская архітэктурная прастора - гэта далёка ня толькі замак. Гэта мястэчка з найбагацейшай традыцыяй у Старой Літве. 
XVII ст. Тры гістарычных часткі горада: Старое места, Менскае й Слонімскае прадмесьці, вуліцы з даўняй гісторыяй (Віленская, Вялікая, Слонімская/Жухавіцкая, Менская/Мірская, Татарская, Завальная, Царкоўная, Глухая й інш.). Прамавугольныя ў пляне валы, флянкіраваныя бастыёнамі, чатыры брамы адпаведна напрамкам гасьцінцаў: Віленская, Слонімская, Нясьвіская/Замкавая, Менская. Цэнтральны Рынкавы пляц, дзе знакамітыя мірскія кірмашы ў розны час адбываліся ад 4 да 6 разоў на год! 
Храмы. Шыкоўны Мікалаеўскі касьцёл 1604 г. з барочнай базылікай, аўтарам якой мог быць сам Бернардоні, і позьнерэнэсансавай вежай, у якім акрамя згаданых вялікіх мастацкіх і духоўных каштоўнасьцей і знакамітага звона Karola, былі над алтаром разьвешаныя kości wielkich ludzi (магчыма маманты), знойдзеныя пры будаўніцтва касьцёла...
Дык дзеля памяткі, усяму на дзіва сьвету,
Разьвесілі анёлы ў небе тушу гэту.
Так і ў касьцёле мірскім ксёндз каля арганаў
Павесіў косьці выкапнёвых веліканаў.
Адам Міцкевіч "Пан Тадэвуш"

Сіроткаўская трохпавярховая рэнэсансавая прыкасьцёльная плябанія (зараз захаваўся адзін паверх і склепы з падземным ходам у касьцёл). Брацкая (сьв. Шкаплера) школа пры ім.
Траецкая царква XVI ст., перабудаваная пад барока ў 1600 г., а з 1705 г. - грэка-каталіцкая царква базыльянскага манастыра з другой школай (!) і першай публічнай бібліятэкай (некалькі дзясяткаў кніг). Пазьней яна праўда страціла свае чароўныя барочныя рысы дзеля жахлівае мураўёўскае перабудовы 1870-х гг...
У мястэчку будаваліся розныя барочныя каплічкі, драўляныя й мураваныя. Адна зь іх, заснаваная на Рынку ў 1625 г. у памяць сканчэньня чумы, была зьнішчана бальшавікамі ў 1940 г. 
У 1610 г. быў пабудаваны мураваны шпіталь брацтва сьв. Шкаплера, фундаваны Сіроткай. Ён быў праўда пазьней таксама страчаны. Як і наша мураваная ратуша (Мір карыстаўся абмежаваным магдэбурскім правам з 1579 г.), у існаваньне якой не верыў Сыракомля; але падмуркі яе нарэшце знайшлі ў1980-х гг. Блізка ад яе жылыя мураваныя будынкі. Шыкоўныя, багатыя. У адным зь іх знайшлі цэлую (!) кафляную печ XVII ст. - унікальная для Беларусі знаходка. 
   
miasteczka01
   
Як згадвае Сыракомля, пра чыннасьць Сіроткі ў Міры файна напісаў ксёндз Сымон Старавольскі: Радзівіл пабудаваў у Міры мураваную ратушу, а навакольныя вёскі акружыў садамі і ставамі, напракладваў прамых дарог, абсадзіўшы іх з абодвух бакоў пладовымі дрэвамі, у цэнтры Літвы стварыў сапраўдную Аўзонскую даліну. Сыракомля лічыў гэта байкамі, але тыя зьвесткі сапраўды пацьвердзіліся апошнія два дзесяцігодзьдзі. Мая вёска Семакава таксама заснавана кн. Мікалаем Крыштафам як вольнае паселішча рамесьнікаў (знакамітыя сталяры, шкляры), адна з тых, якія ператварылі Ґрафства ў найзначнейшы літоўскі цэнтар рамесьніцтва й гандлю. 
     
miasteczka03
     
Варта згадаць, як уразіў Мір XVII ст. вядомага маскоўскага дыгнітарыя стольнiка Пятра Талстога, падзьвіжніка цара Пятра I, якi ў 1697 г., суправаджаючы моладзь па навуку за мяжу, наведаў мястэчка:
"Город Мир – маетность князя Радзивилла, сына подканцлера Литовского. Тот город земляной, в нём есть церковь униатская да костёл Римский каменные, служат попы белые; в тот город четверо ворот проезжих каменных; в том городе домы мещанские богатые и Жидов много. Место невелико, а домов изрядного строения много. И стоит тот город зело изрядно, а реки под ним никакой нет; от того города близко замок сделан земляной, в замке сделан дом великий каменный, по углам башни круглые, и ворота в том городе сделаны башнею круглою зело высокие, а дом сделан четвероугольный. В той помянённой башне над воротами сделан костёл Римский изрядным строением, а между башен вместо стен поделаны все палаты зело изрядные и с двух сторон высокие, в три жилья вверх..."
   
miasteczka09
        
У часы Талстога у "маленькім" Міры было амаль 400 двароў. Вялікі рынак з мураванымі дамамі, брукаваныя вуліцы (з XVII ст.), выдатная інфраструктура. У 1686 г. быў заснаваны першы рамесны цэх - ткацкі. А ў 1695 г. цэхавая рада Міра аб’ядноўвала ўжо чатыры цэха... З 24 знакамітых мануфактураў, заснаваных у сваіх маётках кн. Ганнай Кацярынай з Сангушкаў Радзівіл у 1730-1740-я гг., тры былі ў Міры: шпалерная, суконная й ткацкая. 
Аднак далейшая гісторыя Міра - суцэльныя спусташэньне й заняпад. прынесеныя войнамі, ліхалецьцямі, хцівымі новымі гаспадарамі кшталту прусакоў з расейскім прысмакам Вітгенштэйнаў, якія не паважалі ані старых правоў мястэчка (папісалі ўсіх месьцічаў сваімі прыгоннымі й заклалі ў банк!), ані яго архітэктурнае спадчыны... 
Але Мір працягваў жыць як цэласны культурна-архітэктурны ляндшафт. У міжваенны час ён дачакаўся свайго другога росквіту: шэсьць тысяч насельніцтва (зараз - 2,6 тысяч...), вялікі жыдоўскі цэнтар (лепшая ў сьвеце ешыва, хедэр, шыкоўны будынак кагалу й кнэсэту, тры вялікія сынагогі і яшчэ пяць малых, жыдоўскі тэатар), некалькі школаў, мячэт, тры электрастанцыі (на бровары, у Міранцы й для мястэчка), каля паўтары сотні (!) крамаў (самых розных: празь Мір можна было набыць літаральна ЎСЁ: ад запалак да машыны), аптэка, мясныя лаўкі, рамесныя майстэрні, грамадзкая лазьня, цырульні, тры фотамайстэрні, пяць рэстарацыяў і яшчэ некалькі корчмаў, два тэатры... Шляхі зносін праз тры аўтобусныя маршруты й наваградзкую вузкакалейк. У 1925 г. Мір - месца правядзеньня беларускае агравыставы, якую адчыняў сам прэзыдэнт Рэчыпаспалітай Ігнаці Масьціцк. Тады ж на цэнтральным пляцы зьявіўся й наш Касьцюшка...
   
 miasteczka04
      
 miasteczka05
    
Самае чыстае на крэсах мястэчка.
І гэты Мір зараз зьнішчаецца сілай, якая пераўтварае яго пад свае каляніялісцкія патрэбы. 2002 г. назаўсёды застанецца адной са шматлікіх чорных старонак у гісторыі мястэчка, калі дзясяткі помнікаў даўніны на Рынку былі зьнішчаны дзеля таго, каб пасаваць густам "гасьцей", якія прыехалі на "сьвята" з дужа сымбалічным назовам "Дзень беларускай пісьменнасьці"... Зьнішчылі падмуркі дамоў, пазначаныя датамі заснаваньня й ініцыяламі Фелікса Блёха - аўтара абсалютна ўнікальнага для Беларусі местачковага "баўхаўзу" з бэтонных блёкаў. Сьпілавалі старыя дубы й вербы. Пабудавалі жахлівыя рознакаляровыя штучныя каробкі "пад старыну". Жахлівых колераў і якасьці мэталяадахоўка. Нейкі крывы парк з драўлянымі "гандлёвымі радамі". І плітка, плітка, плітка... Гэтыя жахлівыя, пужаючыя, містычныя пустыя драўляныя брамы, што яны паставілі на месцы колішняга зьнішчанага ж імі дома мірскага выбітнага гадзіньнікавага майстра Глуска ды на Сынагагальным двары - гэта іх помнік сваім жа злачынствам, наша ўласная Хатынь, наша боль. Мы не забудзем, дзякуй... Калі я ўпершыню пабачыў Мір пасьля гэтага разбурэньня, было дужа балюча. Баліць і дасюль.
Radziwill.by дзякуе магістру гісторыі Кірылу Карлюку за дазвол на публікацыю яго артыкула.