Веска Семакава
Заснаваная ў пачатку XVII ст. кн. Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткай, адна з вольных рамесьніцкіх вёсак (сталяры, шкляры), якая хутка разраслася. Семакава/Сімакава ўпершыню згадваецца ў інвэртарах першае паловы XVII ст. У інвэнтары 1647 г. вёска пазначана як адно з самых вялікіх паселішчаў Мірскага ґрафства (разам зь Вялікім Сялом, Любна ды больш дробнымі – Беражна, Радунь, Агароднікі). Сама назва паходзіць ад імя Сямён або Серафім (скарочана Сіма) з дабаўленьнем канчатку -ава, прадуктыўнага як раз для гэтага часу. Прынамсі мае выпадковыя “знаходкі” на дзедавай сядзібе (барацінкі, кераміка XVII ст. і інш.) таксама сьведчаць аб гэтым. Мір быў буйным гандлёва-рамесьніцкім мястэчкам, таму зьяўленьне ў яго ваколіцах паселішча, якое арыентавалася на дрэваапрацоўку й выраб мэблі, не выпадкова. Адзін з такіх майстроў, сталяр Ярмаловіч зь Семакава, згадваецца ў дакумэнтах у зьвязку з рамонтнымі працамі ў Мірскім замку ў 1686-1689 гг., якія праводзіла кн. Кацярына з Сабескіх Радзівіл пасьля навалы Трынаццацігадовае вайны. У гэтых працах прымаў удзел і шкляр Сімакоўскі. 
 
   
У канцы XVIII – пачатку ХІХ ст. ґрафства стала арэнай трох буйных бітваў. У 1792 г. паміж Мірам і Семаква на берагах Міранкі адбылася самая буйная бітва г.зв. вайны за Канстытуцыю паміж літоўскім войскам абознага Юзэфа Юдыцкага й расейцамі на чале генэрала Барыса Меліна, у якіх літвіны былі разьбітыя й мусілі адступіць. Падчас паўстаньня Касьцюшкі 1794 г. у замку гераічна баранілася залога інсургэнтаў. Нарэшце, 10 ліпеня 1812 г. пад самім Семакава на берагах Міранкі адбылася бітва дывізіі польскай кавалерыі Аляксандра Ражнецкага й казакоў Платава, якая таксама скончылася фатальная для першых. Адзін зь семакоўцаў нават дапамог расейцам зарыентавацца на мясцовасьці.
Апошні ўладальнік Міра з Радзівілаў, які трымаўся баку Напалеона, кн. Дамінік, неўзабаве памёр у Францыі й ґрафства зь Семакава (пасьля налажэньня царскага сэквэстру й адмысловага ўказу) трапіла ў спадчыну да яго дачкі (у абход права ардынацыі), якая ажанілася на князю Вітґенштэйне. Вітґенштэйны як звычайныя расейскія памешчыкі мала лічыліся са старадаўнімі прывілеямі жыхароў ґрафства й перапісалі ўсіх месьцічаў Міра й вольных рамесьнікаў Семакава ў прыгонных… падчас “разбору” да іх дадалася яшчэ й мясцовая шляхта. Радзівілаўскія прывілеі былі скасаваныя. Шматлікія судовыя справы ў Навагратку й скаргі ў Менск і Вільню не давалі аніякіх вынікаў, паколькі Вітґенштэйны былі цесна зьвязаныя з карумпаванаю расейскай імпэрскай бюракратыяй. Згаданае мной апісаньне Сыракомлі адносіцца як раз да гэтага сумнага часу. Відаць традыцыі рамесьніцтва яшчэ жылі ў Семакава, але становішча гэтых “сялян” ужо мала чым адрозьнівалася ад звычайных прыгонных.
У 1840-1850-я гг. замест драўлянае грэка-каталіцкае капліцы ў Семакава будуюць праваслаўную царку Покрыва Прасьвятой Багародзіцы.
За польскім часам вёска вырасла да 800 чалавек насельніцтва (каля 200 двароў), са сваёй гмінай, школай і пажарнай камандай. Пасьля 1939 г. жахлівыя рэпрэсіі супраць семакоўцаў распачалі эру заняпаду й галечы, якая ў нашы дні толькі ўзмацняецца дзеля працягу аграрнай і маёмаснай палітыкі бальшавікоў.
   
s_01 
   
 Radziwill.by дзякуе магістру гісторыі Кірылу Карлюку за дазвол на публікацыю яго артыкула.