Радзівілаўскі архіў у Познані.
Antioni_Genryk_1775-1833
  
У бібліятэках і Дзяржаўным архіве г. Познань сабрана не вельмі вялікая, аднак цікавая калекцыя дакументаў па гісторыі роду Радзівілаў. З гэтым горадам было звязана жыццё, дзейнасць і музычная творчасць кн. Антонія Генрыка (1775-1833) – заснавальніка берлінскай галіны роду Радзівілаў, да якой на працягу ХІХ ст. адышлі ўсе радзівілаўскія ардынацыі. Недалёка ад г. Астроў на землях Вялікага княства Познаньскага знаходзіўся вялікі маёнтак яго бацькі кн. Міхала Гераніма (1744-1831), які стаў асновай будучай пшыгодзіцкай ардынацыі гэтай галіны роду. У 1815-1830 гг. кн. Антоній Генрык займаў пасаду намесніка прускага караля ў Вялікім княстве Познаньскім, якое было далучана да Прусіі па выніках Венскага кангрэса. Князь адыгрываў значную ролю ў свецкім і культурным жыцці горада, аднак рэальнага палітычнага ўплыву не меў. Сувязь Радзівілаў з гэтым рэгіёнам паспрыяла таму, што ў г. Познань захаваліся старадрукі і архіўныя дакументы, якія тычацца розных галін роду кн. Радзівілаў, у тым ліку і нясвіжскай. 
Маёнтак Пшыгодзіцы ў родзе Радзівілаў з’явіўся ў якасці пасагу Генрыкі Дароты Пшэбендоўскай, жонкі Яна Мікалая Радзівіла (1681-1729) ў першай палове XVIII ст. З гэтага часу і да ІІ сусветнай вайны ён належаў Радзівілам. З першай паловы ХІХ ст. значэнне маёнтку для роду ўзрасло, ён атрымаў статус ардынацыі (дакладныя акалічнасці справы не вядомыя). Першым ардынатам лічыўся кн. Антоній Генрык, апошнім чацвёртым – яго праўнук кн. Міхал па мянушцы Руды (1870-1855). У склад гэтых уладанняў уваходзіла 27 населеных пунктаў і прыватны горад Астроў, самы вялікі ў наваколлі.
Ня гледзячы на тое, што назва маёнтка паходзіла ад в. Пшыгодзіцы, рэзідэнцыі княжацкай сям’і там не было. Спецыяльны будынак быў пабудаваны па праекце прыдворнага прускага архітэктара Карла Фрыдрыха Шынкля (1781-1841) у месцы, якое ў гонар гаспадара назвалі Антанінам. Вакол гэтага дома, які прынята называць “паляўнічым”, з цягам часу з’явіліся асобныя катэджы для старэйшых дзяцей, а таксама родавая ўсыпальніца. Антанін – месца летняга адпачынку Радзівілаў у ХІХ ст.
   
anton1
    
anton3
  
 anton4
  
Дзяржаўны архіў у г. Познань (Archiwum Państwowy w Poznaniu). Дакументацыя аб гісторыі рода кн. Радзівілаў, якая захоўваецца ў архіве, мае сваю спецыфіку і адносіцца да некалькіх збораў. У зборы “Спадчыны асоб і сем’яў” у раздзеле “Радзівілы” захоўваецца 5 спраў. Дакументы, якія захоўваюцца ў 1 справе гэтага збору, тычацца асобы Караля Радзівіла “Пане Каханку” (1734-1790) . Справа 2 з’яўляецца зборам лістоў кн. Радзівілаў да прадстаўнікоў сям’і Шцюрмэр за перыяд 1787-1789 гг. на нямецкай мове. Яны накіроўваліся ў Марыенбург . Справа 3 “Ліст кн. Радзівіла з Берліна да невядомага адрасата ў Польшчы” .
Сярод калекцыі лістоў вылучаецца справа 4 “Карэспандэнцыя Луізы з Гогенцолернаў, жонкі Антонія Радзівіла (маткі) і Элізы Радзівіл (дачкі) да Адэлі, графіні Сарторыс і яе мужа, маёра...” Асноўная частка справы – лісты кн. Элізы з Рубергу, Антаніна і Познані за 1820-1832 гг. Сярод лістоў, напісаных на французскай і нямецкай мовах, знойдзены невядомы накід жаночага профілю, які ніколі не друкаваўся. Ліст з накідам быў напісаны 29 лістапада 1830 г. Магчыма, гэта аўтапартрэт князёўны, якая была добрай малявальшчыцай, шмат яе малюнкаў друкавалася яшчэ ў ХІХ ст. Справа складаецца з 16 лістоў з пячаткамі Радзівілаў, з іх толькі адзін належыць кн. Луізе.
 
Luiza_zeny_Antona_Genryka 
     
 Elisa_von_Radziwill_1825
  
У справе 5 захоўваецца “Ода да кн. А. Радзівіла”. Гэты верш быў прачытаны аўтарам перад самім князем на спатканні ў познаньскай гімназіі (1815 г.)
Больш значнымі матэрыяламі валодае фонд “Маёнтак Пшыгодзіцы Радзівілаў” . Асноўную частку фонда складаюць гаспадарчыя дакументы, якія тычацца ўпраўлення, урэгулявання межаў паміж маёнткамі і г.д. Перыяд акрэслены такім чынам: 1683/1792-1938 гг. Гісторыя гэтага фонда вядома дрэнна. Дакументы трапілі ў склад Ваяводскага дзяржаўнага архіва ў 1945 г., апрацаваны ў 1955 г. На многіх дакументах фонда захаваліся сігнатуры пшыгодзіцкай канцылярыі. Даследаванне гэтых сігнатур дазваляе сцвярджаць, што захавалася толькі малая частка дакументаў, што былі ў Пшыгодзіцах. Па меркаванні супрацоўнікаў дзяржаўнага архіва ў Познані, прыблізна 10-15 % ад таго, што было першапачаткова, дайшло да нашых дзён. Адсутнічаюць родавыя дакументы Радзівілаў. Аднак, магчыма яны тут ніколі і не захоўваліся. Фонд маёнтка Пшыгодзіц складаецца з 256 архіўных адзінак. Каля 60 % усяго фонду складаюць дакументы аб адносінах паміж адміністрацыяй і сялянамі ў першай палове ХІХ ст. Шмат дакументаў з гэтага фонда напісаны на нямецкай мове. Сустракаюцца планы будынкаў, аўтографы ХІ алыцкага і ІІ пшыгодзіцкага ардыната кн. Багуслава (1805-1873).
Курніцкая бібліятэка (Biblioteka Kórnicka). Афіцыйна бібліятэка знаходзіцца ў Курніку – невялікім гарадку каля г. Познань, аднак каб карыстацца яе зборамі няма неабходнасці выязджаць у Курнік. У цэнтры г. Познань, на галоўнай Ратушнай плошчы, знаходзіцца будынак філіяла бібліятэкі, куды з Курніка прывозяць заказаныя чытачамі кнігі і дакументы.
Сярод дакументаў гэтай бібліятэкі захоўваюцца ўспаміны кн. Эльжбеты Радзівіл, якія тычацца маёнткаў Чэканаў і Багатэла ў 1894-1926 гг. і падарожжа ў 1914 г. з Каралеўства ў Вялікапольшчу . Асаблівую цікавасць для беларускіх гісторыкаў уяўляе збор рукапісных і друкаваных судовых актаў 1791 г., якія адлюстроўваюць судовы працэс паміж віленскім кашталянам кн. Мацеем Радзівілам (1749–1800) і віленскім ваяводай кн. Міхалам Геранімам Радзівілам аб апецы над непаўналетнім нясвіжскім і алыцкім ардынатам кн. Дамінікам (1786–1813) . Гэты збор паходзіць з дакументаў генерала графа Ігнацыя Мараўскага, жонка якога Тэафіля Радзівіл была роднай цёткай хлопчыка.
Вайсковых спраў ВКЛ тычыцца перапіска віленскага кашталяна кн. Міхала (XVII ст.) і гетмана польнага ВКЛ кн. Міхала (XVIII ст.) . На польскай і лацінскай мовах былі напісаны дакументы павераных навагрудскага ваяводы Яна Мікалая Радзівіла, якія паходзяць з 1719-1730 гг. У калекцыі рукапісаў захоўваюцца і альбомы фотаздымкаў Марыі з Залескіх Чартарыйскай, у якіх ёсць некалькі выяў прадстаўніц берлінскай галіны роду Радзівілаў: Эльжбеты Патоцкай і Алены Патоцкай і інш. Эльжбета і Алена былі дочкамі XIV нясвіжскага і XII клецкага ардыната кн. Антонія Вільгельма (1833–1904) і Марыі дэ Кастэлян (1840–1916).
Сустракаюцца таксама копіі дакументаў і старадрукаў XVI-XVIII стст., якія былі зроблены ў ХІХ ст. Прыкладам матэрыялаў такога кшталту можа служыць факсімільная копія твора Яна Каханоўскага, які меў дачыненне да Крыштафа Мікалая Радзівіла “Пяруна”. Арыгінал быў надрукаваны ў 1583 г. Адзін з дакументаў гэтай катэгорыі – копія ліста да Мікалая Радзівіла Чорнага.
Бібліятэка Рачынскіх (Biblioteka Raczyńskich). У аддзеле спецыяльных збораў захоўваецца невялікая калекцыя лістоў Радзівілаў. Каля 20 лістоў з гэтай калекцыі адносяцца да XVII-ХІХ стст. Самыя раннія з іх – ліст Крыштафа Радзівіла (?) да Паўла Прагульбіцкага (1620 г.), два лісты Крыштафа Альбрэхта Навіцкага да Багуслава Радзівіла (1662 г.) . Ёсць сярод гэтых дакументаў і лісты прадстаўнікоў берлінскай галіны роду, у тым ліку ХІІІ нясвіжскага ардыната кн. Вільгельма, яго сына XІV нясвіжскага ардыната кн. Антонія Вільгельма і інш. Выклікае цікавасць таксама вялікі друкаваны партрэт кн. Антонія Генрыка, які, верагодна, быў створаны ў часы яго намесніцтва, спецыяльна для афіцыйных патрэб . У мясцовым музеі таксама захаваўся след каралеўскага намесніка – малахітавы столік князя, які яму пасля 1825 г. падарыў расійскі імператар Мікалай І.
У Дзяржаўным архіве г. Познань, бібліятэцы Рачынскіх і Курніцкай бібліятэцы захоўваецца невялікая, аднак даволі своеасаблівая калекцыя дакументаў, якая тычыцца гісторыі некалькіх галін роду кн. Радзівілаў, у тым ліку і берлінскай. Асноўная частка іх не звязана з беларускімі землямі, аднак прадстаўляюць навуковы інтарэс для даследавання. У 1814 г. да кн. Антонія Генрыка адышлі нясвіжская і алыцкая ардынацыі, дакументаў па гэтай праблематыцы ў Познані выяўлена мала. Мала даследаваліся пшыгодзіцкія маёнткі роду Радзівілаў. Само па сабе пытанне гісторыі ўсіх радзівілаўскіх ардынацый беларускімі гісторыкамі комплексна не вывучалася.
Асобную цікавасць выклікаюць старадрукі, якія захоўваюцца ў Курніцкай бібліятэцы і тычацца XVIII ст. Дакументы, якія захоўваюцца ў архіве і бібліятэках г. Познань можна ўмоўна падзяліць на чатыры групы:
І група – дакументы, якія тычацца выключна Пшыгодзіцкай ардынацыі і захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве г. Познань.
ІІ група – дакументы, лісты і партрэты, звязаныя з 15-ці гадамі намесніцтва кн. Антонія Генрыка (1815-1830 гг.)
ІІІ група – утрымлівае дакументы, якія не ўваходзяць у першыя дзве групы. Большасць з іх паходзяць з XVII-XVIII стст. Даволі складана прасачыць, якім шляхам яны трапілі ў Познань.
ІV група – копіі дакументаў XVI-XVIII стст., якія ствараліся ў ХІХ ст. і могуць мець навуковую каштоўнасць.
Існуе неабходнасць больш грунтоўнага апісання і даследавання дакументаў, якія захоўваюцца ў г. Познань. Уключэнне іх у навуковы зварот у беларускай гістарыяграфіі можа спрыяць новым архіўным знаходкам.
 
Radziwill.by дзякуе аўтару В.М. Папко за прадстаўлены нашаму сайту ўласны артыкул.