Радзівілаўская канферэнцыя ў Кенгсбергу. Справаздача "з першых рук"

IMG_0898

 

Днямі завяршылася яшчэ адна надта цікавая і своеасаблівая падзея, аб якой я пісаў у папярэднім сваім паведамленні, і ўдзельнікам якой мне непасрэдна давялося стаць--адзначэнню 390-х угодак з дня нараджэння князя Багуслава Радзівіла. Невыпадкова, што першая частка тых імпрэзаў адбылася ў Жодзіне-мястэчку заснаваным князем Багуславам, другая ж частка--ў Калінінградзе-Кенігсбергу, або па-стараму Круляўцы, дзе Багуслаў правеў апошнія свае гады і дзе ен пахаваны разам са сваей жонкай Ганнай Марыяй.  Самае першае і незвычайнае, што хацелася б адзначыць--гэта нават крыху містычную апантанасць і мэтанакіраванае імкненне літаральна некалькіх людзей зрабіць усе магчымае, каб тая імпрэза здзейснілася на належным узроўні. Калі падумаць толькі, па ўсей гістарычнай логіцы, кім есць для Расіі Радзівілы? "Польскія" князі, да  канца 18 стагодзя непрымірымая ворагі, а пасля 1795 года--бунтаўшчыкі, камандуючыя партызанскімі атрадамі; незгасаючы агмень каталіцызму і непрымірымай варожасці да Імператарскай Расіі...  У бальшыні сваей, менавіта так. Таму вельмі дзіўна, але і вельмі прыемна было знайсці сярод кенігсбергцаў столькі беларусаў, альбо аматараў беларускай гісторыі, якія сабраліся на тую імпрэзу, і дзякуючы якім яна адбылася. На самой справе, увесь час ад маей пасадкі ў цягнік "Масква-Калініград"  да мінскага таксі на зваротным шляху мяне ўвесь час суправаджала

беларуская мова. Падчас экскурсій, абмеркавання дакладаў выступоўцаў, на банкеце, ад гасцей і жыхароў горада, разам са знаемай гаворкай, чулася цеплыня і гасціннасць беларускасці. І гэта за колькі сот кіламетраў ад Беларусі, праз два межавых кантроля, праз два моўных бар'ера, праз дзве іншыя культурныя супольнасці!

 

 

IMG_0944

 

 

 

Калініградскі касцел, ен жа музей  

 

Праграма атрымалася надзвычай разнастайнай. Спачатку імправізаваная экскурсія па горадзе, пасля--ў мясцовым музеі-былой гарадской браме, затым сустрэча са стыхіяй ў вобразе халоднага і бурлівага цяпер балтыйскага мора сярод заснежаных берагоў і тэмпературы -15С, апасля абед ў доме незвычайнага і сапраўды адданага беларускай справе чалавека Ігара Шаховіча, што быў адначасова і арганізатарам і частковым спонсарам і гідам, і кіроўцам, і вядучым ўсяго мерапрыемства і якому ад імя ўсіх удзельнікаў канферэнцыі з беларускага боку хацелася б шчыра падякаваць за гэтае цудоўнае свята. Што тычыцца напасрэдна канферэнцыі, дык варта зазначыць што даклады нашых навукоўцаў і гісторыкаў, а менавіта Уладзіміра Сіўчыкава, Міколы Волкава, Насты Скеп'ян і вашага падданага слугі, прысутныя не толькі уважліва праслухалі, але часам рабілі заўвагі і задавалі пытанні, што не магло не парадаваць саміх дакладчыкаў. Ды й паведамленні былі складзеныя такім чынам, каб не проста, з акадэмічнай  нуднасцю  дакладнасцю прагаварыць загатоўлены тэкст, а мелі фармат цікавых апавяданняў з вялікай колькасцю нагляднага матэрыяла. Уладзімір Сіўчыкаў, прынамсі распавеў гісторыю падрыхтоўкі, перакладу і публікацыі "Аўтабіяграфіі" Багуслава Радзівіла, крыху распавеўшы жыццевы шлях князя, Мікола Волкаў падзяліўся цікавымі знаходкамі з Варшавы--шэрагам унікальных і невядомых раней фартыфікацыйных планаў і зробленым на іх аснове электронным 3-д макетам Слуцкага замка, якога цяпер, нажаль, не засталося і следу, мае паведамленне мела на мэце крыху пазнаеміць прысутных увогуле з тузінам найцікавейшых асоб з біржанскай лініі Радзівілаў, апошнім мужчынскім прадстаўніком якой быў Багуслаў, ды іх рэзідэнцыяй на Беларусі--замкам у Любчы, грунтоўны даклад Насты Скеп'ян быў прысвечаны радзівілаўскім скарбам у Караляўцы. Прыемна здзівіла, і тое, калі канферэнцыя пачалася з песні-гімна ў гонар беларускага Адраджэння, а скончылася старажытнай музыкай ВКЛ беларускага гурта "Бона Сфорца". Ды смачнымі стравамі, якія спецыяльна прыгатавалі прынеслі калінінградскія беларусы, якіх па неафіцыйных дадзеных ў горадзе налічваецца добрая траціна.

 

 

 

Уступнае слова прамаўляе Ігар Шаховіч, за ім выступае Уладзімір Сіўчыкаў

      

Пасля--чарга Міколы Волкава. Побач з ноўтбукам--бохан "Радзівілаўскага" хлеба з Беларусі.

    

Затым-мая чарга. Каюся, бо парушыў усе магчымыя рэгламенты.

    

Заключнае выступленне Насты Скеп'ян, а затым...

     

Музыкі з "Боны Сфорцы" і вячэра, фотак якой тут не выкладаю, каб не збудзіць зайздрасць гледачоў;) 

      

Добрая "лыжка дзегця" дадалася да агульнага радаснага настроя толькі на наступны дзень, калі пайшлі адведаць магілу Багуслава Радзівіла ў касцеле-музеі. Планавалася, што беларускія навукоўцы, змогуць хаця б пабачыць нядаўна адрэстаўраванае польскімі спецыялістамі надмагілле князя Багуслава, аб чым папярэдне была дамоўленасць з дырэктарам музея-касцела, але.... Амаль гадзінныя перамовы з музейшчыкамі не далі плену. Не дапамагло ні пасведчанне міжнароднага журналіста пана Уладзіміра, ні апеляцыя да Беларускай Акадэміі навук, якую прадстаўляла Наста Скеп'ян, ні проста чалавечыя просьбы людзей, што праехалі соткі кіламетраў дзеля таго, каб аддаць апошнюю пашану князю Багуславу і ўскласці кветкі на яго магілу, што па волі лесу знаходзіцца так далека ад радзімы. Дырэктара знайсці, нажаль, таксама не ўдалося. Музейшчыкі згадзіліся правесці для нас бясплатна дзве экскурсіі па касцелу, але да надмагілля нават не падпусцілі... Так і паехалі на вакзал з непрыемным асадкам у душы. І з жаданнем абавязкова вярнуцца.

 

 

Унутры касцела.

     

 

Фатаграфавацца дазволілі толькі са стэндам. :(

             

Уладзімір Сіўчыкаў на каленях просіць Бога дазволіць адведаць магілу Багуслава Радзівіла. Малітву не пачулі ані Бог, ані дырэктар. 

 

 АБМЕРКАВАЦЬ АРТЫКУЛ.