Літоўскае гаспадарства ў сэрцы Франконіі

frankonia1

 

Шырокую вядомасць магнацкі род Радзівілаў атрымаў дзеля сваіх велізарных багаццяў, палітычных уплываў і удзелу ў самых розных вялікіх гістарычных падзеях Вялікага Княства Літоўскага і Еўропы. Аднак малавядома, што іх ўладанні ахоплівалі ня толькі велізарныя абшары ў Рэчы Папалітай. Дом Радзівілаў мог пахваліцца нават маёнткам у самым сэрцы Нямеччыны! Гаворка пра адно з найпрыгажэйшых мястэчак Фогтланда,

што у Верхняе Франконіі – Ліхтэнберг (Lichtenberg).

Ліхтэнберг прайшоў доўгі гістарычны шлях, надзвычай багаты на цікавыя падзеі. Гісторыя Ліхтэнбергу налічвае больш за тысячу гадоў і сягае 814 г., калі ў гэтай прыгожай узгорыстай мясцовасці быў заснаваны замак, адзін з самых старажытных у Нямеччыне, які ўжо ў XII ст. быў пашыраны меранскімі герцагамі. Да 1337 г. адносіцца першая згадка пра Ліхтэнберг як горад. У 1427 г. мясцовасць пераходзіць ад графаў Арламюндэ ва ўладанне баронаў фон Вальдэнфельс, старажытнай нямецкай шляхецкай сям’і. У 1498 г. статус Гаспадарства Ліхтэнберг і яго волнасці як дзяржавы Свяшчэннай Рымскай імперыі нямецкай нацыі былі пацверджаны імператарам Фрыдрыхам ІІІ Габсбургам.
 Аднак праз паўстагоддзе фінансавы стан гаспадароў Ліхтэнбергу нагэтулькі пагоршыўся, што фон Вальдэнфельсы ўлезлі ў вялікія пазыкі. Шукаючы выйсце са складанага становішча, у другой палове XVI ст. яны пачалі прадаваць некаторыя са сваіх франконскіх уладанняў.
Хутка чарга дайшла і да прыгожага ўтульнага Ліхтэнбергу з яго старадаўнім замкам (які праўда быў у паўразбураным стане пасля аблогі 1444 г., яшчэ ад часоў вайны з вольным імперскім горадам Нюрнбергам).
         

     

Пакупніка знайшлі ў самым нечаканым месцы. Ім аказаўся ніхто іншы, як літоўскі арыстакрат Януш I Радзівіл (1579-1620), князь слуцкі і капыльскі, прадстаўнік самай магутнай і уплывовай кальвінісцкай біржанскай галіны роду*.
Князь Януш быў чалавекам вельмі цікавым і неардынарным. Старэйшы сын слыннага Крыштафа Мікалая Радзівіла “Перуна”, вялікага гетмана літоўскага і віленскага ваяводы, і Кацярыны Астрожскай, Януш нарадзіўся 21 ліпеня 1579 г. у Вільні. Атрымаў бліскучую адукацыю ў пратэстанцкіх вучэльнях Вільні, Страсбургу і Базелю. Шмат падарожнічаў па Нямеччыне і Францыі, удзельнічаў у ваенных выправах імператарскіх войскаў супраць туркаў у Вугоршчыне.
Слушная матрыманіяльная палітыка Радзівілаў павялічвала іх велізарныя ўладанні. Так у 1600 г. шлюб Януша з Сафіяй Алелькавіч, слуцка-капыльскай князёўнай (пазней кананізаваная святая праваслаўнай царквы), зрабіў яго найбагацейшым магнатам Літвы: агульная маёмасць маладых ацэньвалася ў казачна вялікую суму 590.000 дукатаў!

         

Януш І Радзівіл, слуцкі й копыльскі князь, кашталян віленскі, і прынцэса Лізавета Соф’я Гогенцолерн

 

Разам з жонкай ён становіцца галоўным патронам пратэстантаў і праваслаўных Вялікага Княства. Не здарма Януш Радзівіл хутка апынуўся ў адкрытай апазіцыі да каралеўскага двара Жыгімонта ІІІ Вазы, які пры падтрымцы езуітаў праводзіў жорсткую контррэфармацыйную палітыку. У 1606-1607 гг. мы бачым Януша сярод актыўных завадатараў антыкаралеўскага рокашу Зэбжыдоўскага.
Аднак пасля паразы канфедэрацыі, Януш апынуўся ў вымушанай эміграцыі, хаця і змог пазбегнуць цяжэйшага каралеўскага пакарання, дзякуючы заступніцтву свайго уплывовага малодшага брата князя Крыштафа ІІ Радзівіла (1585-1640), тады яшчэ палявога гетмана літоўскага. У выгнанні Януш падарожнічае па Нямеччыне, Швейцарыі і Францыі.
У 1610 г. Януш Радзівіл вярнуўся ў Літву, але так і застаўся ў апазіцыі да караля. Праз два гады яго напаткала няшчасце – памерла яго жонка княгіня Сафія. Інтарэсы і прэстыж сям’і, а таксама неабходнасць займець спадчынніка прывялі да новага шлюбу. У ліпені 1613 г. у Берліне Януш ажаніўся на прынцэсе Лізавеце Сафіі Гагенцолерн, дачцэ брандэнбургскага курфюрста Ёгана Георга.
Знаходзячыся ў канфлікце з каралём, Януш не змог знайсці сябе на радзіме, і з 1616 г. зноў у эміграцыі. Шмат часу ён праводзіць з жонкай у Данцыгу, дзе займаецца справамі сваіх маёнткаў у Прусіі, падарожнічае па Нямеччыне разам са сваім пышным дваром (60 чалавек, шматлікія экіпажы з 45 конямі).
Як раз у гэты час у князя і нараджаецца мара атрымаць месца на “графскай лаўцы” нямецкага рэйхстагу, скарыстаўшы тыя шырокія магчымасці, што адкрыла перад ім сваяцтва з Гагенцолернамі. А Радзівіл сапраўды моцна шанаваў гэтыя повязі: вядома, што партрэт яго цесця курфюрста Ёгана Георга красаваўся на сцяне ў віленскім палацы Януша.

      

Хрысьціян Гогенцолерн, маркґраф Брандэнбурґ-Байройта, дзядзька князя Багуслава Радзівіла

   

Справа ў тым, што біржанскія Радзівілы атрымалі тытул князёў Свяшэчннай Рымскай імперыі яшчэ ў 1547 г., але ня мелі голасу ў рэйхстагу, паколькі прымаць удзел у яго пасяджэннях маглі толькі тыя, хто як суверэнны ўладар валодаў “імперскім гаспадарствам”, Reichsstand – дзяржавай у складзе Імперыі.
Кіруючыся гэтай мэтай, Януш Радзівіл, які ў снежні 1617 г. знаходзіцца ў Франкфурце-на-Одэры, наладжвае шчыльныя кантакты з пратэстанцкім хаўрусам імперскіх князёў, што як раз склаўся ў прадчуванні вайны. Акрамя Гагенцолернаў асабліва цесныя сувязі, якія пратрываюць досыць доўга, складваюцца ў біржанскіх Радзівілаў з уладарамі Гесэну і Пфальцу, якія ўласна і ўзначальвалі кааліцую нямецкіх пратэстанцкіх князёў.
Падчас свайго побыту ў Нямеччыне Януш таксама гасціў у свайго швагра Хрысціяна Гагенцолерна (1581-1655), маркграфа Байройта, што ў Верхняе Франконіі. Тут праз свайго сваяка Радзівіл пазнаёміўся з баронам Хрыстафорам ІІІ фон Вальдэнфельсам, уладальнікам суседняга маленькага Гаспадарства Ліхтэнберг, які і прапанаваў набыць гэты свой маёнтак. Бакі сышліся на вялікае суме – 80.000 гульдэнаў, якая зрэшты не была праблемаю для багацейшага літоўскага магната.
Выбар Ліхтэнбергу не быў выпадковым. Відавочна, што князь зыходзіў з стратэгічных меркаванняў. Калі зірнуць на мапу, то бачна, што мясцовасць знаходзіцца як раз у самым цэнтры Імперыі, паміж каталіцкімі землямі (уладанні Габсбургаў ды баварскіх герцагаў) і пратэстанцкімі дзяржавамі (франконскія Гагенцолерны, уладанні Пфальцаў, саксонскія княствы і інш.), у самай непасрэднай блізі ад Багеміі. Януш меркаваў прыняць чынны ўдзел у складаных палітычных камбінацыях паміж пратэстанцкімі князямі і імператарам Фердынандам ІІ Габсбургам.
Аднак абставіны не дазволілі яму ўладкаваць сваё новае ўладанне, бо ўжо ў тым самым 1618 г. Януш Радзівіл адпраўляецца ў Літву, дзе, дзякуючы падтрымцы брата Крыштафа, атрымаў ад караля віленскае кашталянства, якое адчыняла дарогу ў сенат Рэчы Паспалітай. Да ўсяго ў траўні 1618 г. у Імперыі разгарэлася полымя крывавае Трыццацігадовай вайны (1618-1648). Зацягнулася і справа з палітычнымі амбіцыямі князя вакол месца ў рэйхстагу, паколькі атрымаць згоду на гэта ў каталіка імператара зараз было амаль немагчыма.
Праўда няспраўджаная мара Радзівілаў пра месца ў рэйхстагу не знікне і надалей. Напрыклад, гэтага высокага статусу нават у 1654 г. на з’ездзе ў Рэгенсбургу будзе дабівацца Габрыэль Любянецкі, прадстаўнік князя Багуслава Радзівіла...
У 1619 г. Януш зноў адпраўляецца ў вандроўку і спыняецца з жонкай ў Данцыгу, у арэндаваным доме бурмістра Яна ван лэр Ліндэ, дзе 3 траўня 1620 г. нарадзіўся нашчадак князя, якому пры хрышчэнні далі імя Багуслаў. Хросным хлопчыка per procura (праз прадстаўніка) стаў сам знакаміты пфальцграф рэйнскі Фрыдрых V Вітэльсбах, празваны “Зімовым Каралём”.
Радасць бацькі была нядоўгай. У лістападзе 1620 г. у сваім прускім маёнтку Чарлін Януш памёр. Немаўля Багуслаў атрымаў у спадчыну ўсе багатыя маёнткі, у тым ліку і франконскі Ліхтэнберг. Менавіта туды ў 1623 г., пасля пахавання бацькі у фамільным склепе кальвінісцкага збору ў Дубінках і кароткага побыту ў Прусіі, ён і пераехаў з маці ды сваімі двумя сёстрамі Эльжбетай Элеанорай і Сафіяй Агнешкай. Згодна тэстаменту Януша, маёнткамі на Літве да паўналецця Багуслава кіраваў дзядзька хлопчыка князь Крыштаф Радзівіл.
Тут, у сціплым замку Ліхтэнберг, сярод узгорыстых краявідаў Верхняе Франконіі, і гадаваўся князь Багуслаў Радзівіл, будучы бліскучы арыстакрат, якому было наканавана пакарыць самыя шыкоўныя двары тагачаснай Еўропы: Парыж, Гаагу, Брусель, Лондан. Лізавета Сафія добра клапацілася пра пачатковую адукацыю і выхаванне таленавітага сына.
Не зважаючы на празмерныя багацці, побыт маленькага князя ў Франконіі ня быў дужа люксоровым. Інвентар замку ад 19 сакавіка 1621 г. сярод значных рэчаў адзначыў дзве рэнесансныя карціны (аблога замку нюрнбержцамі ў 1444 г. і партрэт барона Ганса ІІ фон Вальдэнфельса), сціплую мэблю (крэслы, шафы, камоды), архіў папярэдніх уладальнікаў замку...
Сям’я Радзівілаў у Франконіі праз карэспандэнцыю і пасланцаў падтрымлівала шчыльныя сталыя кантакты са сваімі родзічамі на Літве. Так у верасні 1627 г. Ліхтэнберг з місіяй ад Крыштафа Радзівіла наведаў Даніэль Набароўскі, вядомы паэт і навуковец, колішні сакратар Януша і верны прыхільнік Дому Радзівілаў.
Шмат часу Багуслаў з маці і сёстрамі бавіў таксама ў Байройце і Пласенбургу пры двары свайго дзядзкі маркграфа Хрысціяна Гагенцолерна, дзе засвоіў першыя ўрокі прыдворнага этыкету.
У жніўні 1628 г. Лізавета Сафія другі раз пабралася шлюбам з герцагам Юліушам Генрыхам Саксен-Лаўенбургам, генералам імператарскага войска (ад гэтага шлюбу народзіцца зводны брат Багуслава герцаг Франц Эрдман).
Тады ж Радзівілы назаўжды пакінулі Ліхтэнберг з яго ідылічнымі краявідамі. Разам з маці васьмігадовы Багуслаў трапіў у Вільню. Тут яго выхаваннем адгэтуль заняўся дзядзка Крыштаф Радзівіл і яго жонка Ганна Кішка. На Літве Багуслаў навучаўся ў Далятычах, Кейданах і Вільні разам са сваім старэйшым кузэнам Янушам ІІ Радзівілам (1612-1655), будучым слынным вялікім гетманам літоўскім.
У тым самым 1628 г., вырашальным для гэтага Радзівілаўскага княства ў сэрцы Франконіі, Лізавета Сафія перадала Ліхтэнберг ва ўладанне свайму старэйшаму брату Хрысціяну, маркграфу Байройта. На наступныя два стагоддзі Ліхтэнберг стане часткаю ўладанняў франконскіх Гагенцолернаў, запісаўшы ў сваю доўгую і слаўную гісторыю таксама і яркія старонкі, звязаныя са знакамітым літоўскім родам.

     

* тут i далей нумарацыя iменаў пададзена паводле Бiржанскае галiны          
       

Radziwill.by дзякуе Магістру гісторыі Кірылу Карлюку за дасланы артыкул.