Радзівіліяда альбо жыцце Мікалая Радзівіла Рудога ў паэтычным эпасе Я.Радвана
mikolaj-the-red-radziwill
      
«Радзівіліяда» Яна Радвана — каштоўная крыніца па айчыннай гісторыі адной з самых трагічных і велічных эпох, калі ў чарговы раз на землях Бацькаўшчыны не на жыццё, а на смерць сутыкнуліся варварства і цывілізацыя, — эпохі Лівонскай вайны. Гэта разам з тым неацэнны помнік нашай даўняй духоўнай культуры, сведчанне надзвычай высокага інтэлектуальнага і эстэтычнага патэнцыялу продкаў. Вось ужо амаль паўтысячагоддзя адзінай крыніцай зместу паэмы з’яўлялася яе прыжыццёвае віленскае выданне Яна Карцана 1592 г. Захавалася ўсяго сем асобнікаў гэтага выдання, з якіх адзін — у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, пяць — у Польшчы (у Бібліятэцы Польскай акадэміі навук у Курніку, Нацыянальным музеі (Бібліятэцы Чартарыйскіх) у Кракаве, Бібліятэцы Асалінскіх у Вроцлаве) і толькі адзін — у былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага Вільні, у Бібліятэцы АН Літвы. Нядзіўна таму, што выдадзенае ў 1993 г. даследаванне героіка-эпічнай паэзіі Беларусі і Літвы канца XVI ст. С. В. Кавалёва ў апошні час было адзінай крыніцай звестак пра паэму і некаторых фактаў яе зместу для літаратуразнаўцаў і гісторыкаў . І вось нарэшце пабачыла свет  
навуковае выданне паэмы, падрыхтаванае літоўскім літаратуразнаўцам Сігітасам Нарбутасам .
Першым кола эпічных паэтаў Беларусі і Літвы канца XVI ст., цесна звязаных з Радзівіламі біржайскай лініі (А. Рымша, Я. Радван, Ф. Градоўскі, Г. Пельгрымоўскі, М. Стрыйкоўскі, Я. Казаковіч), акрэсліў польскі даследчык А. Сайкоўскі, які, аднак, апекунамі гуртка лічыў Радзівілаў нясвіжскай, каталіцкай лініі , што ў прынцыпе немагчыма, бо ўсе вышэйазначаныя паэты былі пратэстантамі. Ад яго гэтая памылка перайшла ў працы беларускіх літаратуразнаўцаў . Пра аўтара гэтага эпасу Яна Радвана звестак дагэтуль маем так мала, што меркаванні пра жыццё паэта абапіраюцца на дадзеныя самога яго твора. Як лічыць С. Нарбутас, моўныя асаблівасці літоўскіх слоў, згаданых у «Радзівіліядзе», сведчаць, што паэт або нарадзіўся дзе-небудзь ва Усходняй Аўкштайціі (магчыма ў Вільні), або доўга тут жыў. Тым не менш нельга адкінуць перадумовы, што паэт або нараджэннем, або літаратурнай і канфесійнай дзейнасцю быў звязаны з Коўнам. Такое меркаванне можа абапірацца на сляды кнігі Паўлюса Одэрборна у «Радзівіліядзе» (с. іх). Напісаны па-латыні гераічны эпас выяўляе цудоўнае веданне класічнай рымскай літаратуры, старажытнагрэчаскай мовы. Да адкрыцця езуіцкай калегіі ў 1570 г. у Літве не было вышэйшай школы. Наўрад ці паэт вучыўся ў дзеючай у Вільні ў 1539—1542 гг. гімназіі Абраомаса Кульвеціса. Можна меркаваць, што Радван атрымаў адукацыю за мяжой, выехаўшы разам з якім-небудзь студэнтам з вышэйшых слаёў ва універсітэты Заходняй Еўропы. Некаторыя даследчыкі шукаюць месца паэту паміж праваднікамі Янам ці Рыгорам Хадкевічамі, аднак дагэтуль няма надзейных дадзеных, якія б пацвярджалі такія дапушчэнні.
Як і іншыя пачынальнікі літаратуры ВКЛ: Аўгусцін Ратундус (да набілітацыі ў 1568 г.), Андрэй Волан (да пацвярджэння шляхецтва ў 1569 г.) ці Мацей Стрыйкоўскі, Радван хутчэй за ўсё не быў шляхціцам. Радван быў звязаны з евангеліцка-рэфармацыйным рухам у Літве. Пра гэта сведчаць звесткі ў кнігах Анджэя Венгерскага, таксама яго вершы, надрукаваныя ў «Абароне евангеліцкай пастылі» Гжэгажа з Зярноўца, скіраваны супраць віленскіх евангелікаў ананімны сатырычны твор «Тэалагічныя тэзы». У «Радзівіліядзе» таксама маюцца ацэнкі, натуральныя ў вуснах не католіка, а евангеліка. Зусім няма дадзеных, якія б шырэй асвятлялі месца Радвана ў абшчыне евангелікаў ВКЛ.
Творчасць аўтара, як піша ўкладальнік літоўскага гераічнага эпасу, дасюль яшчэ дастаткова не даследавана. З-за гэтага і тыя яго творы, якія раней патрапілі ў поле зроку гісторыкаў літаратуры, дазваляюць лічыць Радвана вельмі патрабавальным да сваіх твораў, пішучым няшмат. Цяпер мы ведаем чатырнаццаць яго вершаў, паэму, прысвечаную шлюбу Крыштафа Манвіда Дарагастайскага і Сафіі Хадкевіч, і «Радзівіліяду». Паводле С. Нарбутаса, «Радзівіліяда», якая апявае жыццё і паходы Мікалая Радзівіла Рудога, была выдадзена ў 1592 г. Гэты год выдання ўказваецца пачынаючы з пачатку XIX ст. у польскай гістарыяграфіі. У літоўскай і беларускай гістарыяграфіі і гісторыі літаратуры прытрымліваюцца думкі, што «Радзівіліяда» была выдадзена ў 1588 г. Гэтая дата, падтрыманая такім аўтарытэтам, як Эстрайхер, раскрывае няправільна зразуметую надрукаваную на тытульным лісце выдання хранаграму (I) I) IIXC. Такое абазначэнне года было характэрным для выданняў толькі гэтага перыяду — апошняй чвэрці XVI ст. — пачатку XVII ст. Напрыклад, у выдадзенай у 1588 г. у Базелі кнізе Рэйнгольда Гейдэнштэйна «De bello Moscouitico, quod Stephanus rex Poloniae, gessit commentariorum libri VI» год выдання пазначаны хранаграмай (I) I) XXCVIII. Выдадзеная ў гэты самы год у Торуні педагагічная праца «Institutionis literatae, sive De discendi atque docendi ratione, tomus tertius» мае хранаграму (I) I). XXCIIX… У выйшаўшай у Познані ў 1592 г кнізе Пятра Скаргі «Upominanie do ewangelików i do wszystkich społem nie katolików» год выдання пазначаны лацінскімі лічбамі М. D. XCII. Як відаць з прыведзеных прыкладаў, лацінскія лічбы, якія абазначаюць дзесяткі і адзінкі, у гэты перыяд бываюць запісаны і перад, і пасля літары C, якая абазначае сотню. Зрэдку восем пазначана IIX (як у вышэй памянёнай педагагічнай працы; звыклае пазначэнне — VIII). Усё ж з-за гэтага ні ў воднай выдадзенай у гэты год кнізе не ўдаецца знайсці восемдзесят восем, пазначаных IIXC. Перад гэтым правілам аўтары і выдаўцы аддаюць перавагу лічбе LXXXVIII або XXCVIII.
Ужо разгледжаны верш Радвана «Ad Gregorium Zarnouecium, authorem Apologiae» , апублікаваны ў «Абароне евангеліцкай пастылі» Гжэгажа з Зярноўца, таксама пазначаны хранаграмай (I) I) IXC. 3. Non Martij. На тытульным лісце «Абароны…» пазначаны год выдання 1591, і ў гэтай хранаграме ўказаны той самы.
Як бачна з тытульнага ліста кнігі Скаргі, год выдання 92 і бывае часам пазначаны XCII. У кнігах таго перыяду гэтая хранаграма — меўшы месца часцей звычай напісання года. На тытульнай старонцы «Радзівіліяды» Радвана маецца лічба IIXC — трохі радзейшая, аднак і яна пазначае той самы — 92 і — год: яна атрымліваецца, адняўшы ад сотні (C) васьмёрку, якая пазначана IIX. Пры гэтым падзеі, згаданыя ў тэксце «Радзівіліяды», адбыліся каля 1588 г. і пазней. З іх бадай самая красамоўная — згадка пра смерць сына Радзівіла Рудога Мікалая (Radiv. IV, 518—520 і ў падрадковай заўвазе). Радван піша аб гэтым, як аб няшчасці, ад якога паспеў прайсці нейкі час, і гэта было б зразумела, калі б мы сказалі, што «Радзівіліяда» закончана ў канцы 1591 г. ці ў пачатку 1592 г.: наваградскі ваявода Мікалай Радзівіл, сын Рудога, памёр 18 снежня 1589 г.; у пачатку іншага года яго пахавалі ў сямейным склепе ў Дубінках.
1592 г. — значная дата для культуры ВКЛ не толькі з-за «Радзівіліяды». Прыблізна ў той час памёр Мацей Стрыйкоўскі — аўтар, на творы якога Радван несумненна абапіраўся, ствараючы гераічны эпас. «Радзівіліяду» і працы Стрыйкоўскага па гісторыі Літвы звязвае шмат што. Важнейшая ў іх патрыятычная тэндэнцыя паказу Літвы. Справа ў тым што Радван і Стрыйкоўскі шырэй, чым іншыя аўтары, іх сучаснікі, апісалі Публія Лібона, або Палямона, і яго прыбыццё ў Літву, паказалі караля Міндоўга і Гядзіміна, апелі Вітаўта Вялікага, Радзівіла Рудога і большасць іншых палкаводцаў старажытнасці. Разумеючы значэнне асобы ў гісторыі, абодва пісьменнікі паказвалі тых міфічных і рэальна існаваўшых герояў, якія стварылі княства і вызначыліся, абараняючы і ўзмацняючы незалежнасць Літвы, г. зн. ВКЛ.
Другой крыніцай «Радзівіліяды», на думку С. Нарбутаса, мог быць тагачасны біяграфічны нарыс «Жыццё вялікага князя маскоўскага Івана Васілевіча» Паўля Одэрборна. Жыццё Івана Васілевіча Одэрборн напісаў у Каўнасе, кіруючыся сваімі ўласнымі ўражаннямі, таксама расказамі іншых удзельнікаў Лівонскай вайны і пасольства ў Маскву . Уражвальная сіла зместу, аўтэнтычнасць апісваемых падзей, чыстая лацінская мова прыцягваюць увагу чытача ўжо з самых першых старонак кнігі. Аўтар паказвае не толькі скандальныя асобы бацькоў Івана IV, інтрыгі маскоўскага княжацкага замка, трагічнае і жахлівае жыццё самога Івана IV. У гэтым аўтабіяграфічным нарысе знаходзім звесткі пра суседзяў Маскоўскага княства, пра складаную і цікавую гісторыю гэтай дзяржавы, рэлігію і прыроду, паўсядзённае казённае жыццё і звычаі маскавітаў. Нямала месца ў кнізе ўдзелена Лівонскай вайне, асабліва яе пачатку (спусташэнне Тартускага біскупства, захоп Полацка) і падзеям канца (бітве пры Цэсісе ў 1578 г, ваенным кампаніям Стэфана Баторыя 1579—1581 гг.). Аўтар паказвае вядомейшых палкаводцаў ВКЛ: Андрэя Сапегу, Юхана Бюрынга, Мікалая Радзівіла Рудога і Крыштафа Радзівіла Перуна, якія вызначыліся ў гэтай вайне паходамі і перамогамі.
Трэцяй крыніцай, якая стварыла аснову сюжэта «Радзівіліяды», стала жыццё Мікалая Радзівіла Рудога. Асоба Радзівіла Рудога, жыццё і паходы — як быццам прыкметная веха, паводле якой чытач «Радзівіліяды» з сівой антычнасці падарожнічае ў эпоху Лівонскай вайны, узбіраецца разам з Мусаем на святы Гелікон і спускаецца ў падземны край. Зразумела, не кожны факт біяграфіі князя на Біржах і Дубінках падыходзіў для гераічнага эпасу: напрыклад, у «Радзівіліядзе» ні словам не згаданыя шлюб сястры Мікалая Барбары з Жыгімонтам Аўгустам, намаганні Рудога каранаваць сястру польскай каралевай, маўчаннем абыдзены трагічныя дні Люблінскага сейма і меры біржанскага князя па абароне дзяржаўнасці ВКЛ пасля падпісання акта уніі. Абраны жанр прыму-сіў Радвана апець толькі тыя крокі вялікага гетмана, якімі ён на палях бітвы абараняў Літву (г. зн. ВКЛ. — У. С.) ад ворагаў (гэтага патрабаваў канон гераічнага эпасу).
   
032gfggg
     
Прыступаючы да разгляду ўплыву антычнай паэзіі на творчасць Радвана, С. Нарбутас піша, што са старажытным Рымам, яго гісторыяй, міфамі, літаратурай і выпешчанай лацінскай мовай Радвана і іншых літоўскіх пісьменнікаў другой паловы XVI ст. звязвае асаблівая сувязь. У Еўропе ў той час лацінская мова лічылася самай прыгожай, багатай на словы і гучнейшай з усіх, якімі культурныя людзі могуць выражаць думкі і пачуцці. Для напісання героіка-эпічных твораў паэты Ф. Градоўскі, Я. Радван карысталіся лацінскай мовай таму, што гэта была традыцыйная мова эпасу з часоў антычнасці. Ф. Градоўскі быў несумненна добрым знаўцам антычнага гераічнага эпасу, уважлівым чытачом «Іліяды» Гамера і «Энеіды» Вергілія, наследаванне якім плённа паўплывала на працу над уласным эпічным творам. Традыцыі «Песні пра зубра» М. Гусоўскага, «Прускай вайны» Я. Вісліцкага — у перайманні «Энеіды» Вергілія. Па словах С. Нарбутаса, спадчына антычнай паэзіі ў «Радзівіліядзе» вялікая і разнастайная. Значную частку гэтай спадчыны складае творчасць Вергілія, што характэрна для ўсёй пераймаючай антычнасць паэзіі Еўропы XVI ст. У мове «Радзівіліяды» таксама пакінула сляды творчасць Цыцэрона, Энія, Ювеналія, Гарацыя, Катула, Клаўдзіяна, Лукана, Лукрэцыя, Макробія, Марцыяла, Невія, Авідыя, Пакувія. Персія, Плаўта, Праперцыя, Прудэнцыя, Сенекі, Сілія, Стацыя, Тыбула, Валерыя Флака і інш., а таксама Гамера, Гесіёда. Сувязь мовы «Радзівіліяды» з паэзіяй Старажытнага Рыма дваякая: Радван цытуе рымскіх аўтараў, ужывае іх эпітэты і іншыя стылёвыя ўпрыгажэнні, пры гэтым цытуе правільна і ў меру, таму настаўнікі Радвана ніколькі не пашкодзілі своеасаблівага гучання гэтага гераічнага эпасу. Значную частку спадчыны антычнай паэзіі ў Радвана складаюць парафразы, імітуемыя матывы і тэмы рымскіх і грэчаскіх аўтараў. Часам Радван імітуе Вергілія. Мяняюцца ў фразе адно ці два словы (с. xxxvi), іншыя парафразы адрозніваюцца ад імітуемых арыгіналаў у большай ступені, у некаторых вобразах паэмы Радвана пераймаецца антычная паэзія ў большых аб’ёмах (у р. 31—96 ч. 1) даецца велічная карціна Літвы, на якую паэта хутчэй за ўсё натхніла апяванне Італіі ў «Георгіках» Вергілія. Пераймаючы Вергілія, Радван дагаджаў літаратурнаму густу эпохі, імітацыя ў тыя часы была для ўсіх паэтаў абавязковым творчым метадам, імітацыя характэрна і для настаўніка Радвана Вергілія, які пераймаў старажытнагрэчаскіх паэтаў (на думку даследчыкаў, у сваёй «Энеідзе» ён пераймае «Іліяду» Гамера). Яшчэ ў канцы 60 х гг. мінулага стагоддзя польскі вучоны Ю. Новак-Длужэўскі ацаніў мастацкія вартасці паэм Ф. Градоўскага, Г. Пельгрымоўскага, А. Рымшы, Я. Радвана . Межы, пераступіўшы якія паэт барока лічыцца плагіятарам, наступныя: паэтычны свет твора, сюжэт і кампазіцыя, г. зн. найважнейшыя элементы паэтыкі. Ацэньваючы «Радзівіліяду» ў гэтых аспектах, параўноўваючы яго з прыкладамі, якія Радван найбольш пераймае, менавіта з «Энеідай» Вергілія, С. Нарбутас заўважае «шмат самастойных рыс нашага эпасу». Па словах польскай даследчыцы Л. Шчарбіцкай-Сленк, «дамінуючым тыпам паэтычнай тэмы ў старапольскай гераічнай паэзіі (да яе даследчыца залічвае і паэтаў Беларусі і Літвы. — У. С) былі здарэнні нашых часоў» . Увесь арсенал мастацкіх сродкаў паэт скіроўвае на паказ падзей Лівонскай вайны і выдатнай ролі ў іх яго куміра і апекуна Радзівіла Рудога. У канцы «Радзівіліяды» (IV, 215—327) паэт пералічвае заслугі вялікага гетмана ВКЛ перад Богам, айчынай і каралём, падкрэсліваючы, што Мікалай Радзівіл Руды жыве, ставячы дабрачыннасць вышэй за сваё паходжанне (IV, 223), прагнучы не выглядаць, а быць добрым чалавекам: верным слугою караля, адданым абаронцам айчыны і добрым сем’янінам (IV, 257—260), выхоўваючы родных людзей, якія з цягам часу зрабілі яго голас важкім на сейме, а яго руку — цяжкай на полі бітвы (IV, 261—262 і далей).
Каб надаць больш саліднасці і аўтарытэтнасці свайму выданню, укладальнік абраў класічную сістэму пагінацыі, якая была пашырана ў XIX ст. У адпаведнасці з ёй прадмова пагінуецца рымскімі лічбамі, уласна тэкст кнігі — арабскімі. Нязручнасць яе як у грувасткасці, так і ў тым, што пераважная большасць сучасных чытачоў ужо не валодае рымскай сістэмай пазначэння лікаў, асобна ж пагінаваць тэкст паэмы няма патрэбы, бо цытаты з паэмы ў прадмове пашпартызуюцца нумарамі яе частак і радкоў. Стварае нязручнасць для чытача канцэнтрацыя спасылак у канцы прадмовы, бо з-за кожнай спасылкі трэба звяртацца ў яе канец, што запавольвае чытанне і перашкаджае засяродзіцца. Хаця зразумела, што спасылкі пад радкамі не займаюць больш месца, чым у канцы тэксту. У адпаведнасці з той жа класічнай сістэмай спасылак укладальнік дае поўную назву тэксту, на які спасылаецца, толькі першы раз, у далейшым замяняючы яе для кароткасці лацінскім скарачэннем op. cit., таму каб нагадаць назву, трэба кожны раз звяртацца да першай спасылкі, у выніку, захапіўшыся эканоміяй такім чынам месца, укладальнік так і не даў поўную назву працы С. Незнаноўскага.
Самая каштоўная частка кнігі — тэкст паэмы, факсіміле лацінскага арыгінала якой вяртае чытача ў сівую даўніну. Паралельна даецца зроблены самім укладальнікам вершаваны пераклад твора на літоўскую мову, у адпаведнасці з патрабаваннем навуковага выдання з нумарацыяй радкоў. Зразумела, з думкай перакладчыка, што ў выніку «літоўскі гераічны эпас праз чатырыста год загаварыў на роднай мове паэта», мы безагаворачна пагадзіцца не можам (гл. аб гэтым ніжэй).
Вынік тытанічнай працы ўкладальніка — каментарыі. Ім была праведзена дэталёвая зверка тэксту паэмы з корпусам усіх вызначаных яе крыніц — творамі антычных паэтаў і філосафаў Гамера, Вергілія, Цыцэрона, айчынных паэтаў пачатку XVI ст. М. Гусоўскага і Я. Вісліцкага, працамі замежных і айчынных гісторыкаў і мысліцеляў П. Одэрборна, Т. Брэдэнбаха, А. Каяловіча-Віюка, М. Стрыйкоўскага, Р. Гейдэнштэйна, С. Герберштэйна, М. Мяхоўскага, А. Волана і інш., поўны спіс якіх змешчаны ў пачатку каментарыяў. У выніку крыніцавая база паэмы і эрудыцыя яе аўтара прадстаўлены поўна і наглядна.
Апошні раздзел выдання — «Слоўнічак імён» («Asmenų žodinėlis»). Як указана ва ўступе, у яго «ўключаны ўсе асобы, якія згадваюцца ў «Радзівіліядзе», як легендарныя, так і рэальныя, звязаныя з гісторыяй Літвы» (с. 339). Убаку пакінуты героі старажытнай Грэцыі і Рыма, каралі, карыфеі дзяржаўнай дзейнасці, навукі і мастацтва, паколькі звесткі пра іх ёсць у лёгкадаступных даведніках і энцыклапедыях. Пасля кожнай літоўскай версіі імя даецца лацінская, якую прапаноўвае Радван. Цікава, што лацінскія версіі гэтых імён утвораны, як сведчыць параўнанне, на аснове не літоўскіх, а старабеларускіх прататыпаў. Прычым узятых іншы раз не з пісьмовай, а з жывой мовы (аб чым сведчыць фрыкатыўнае h на месцы выбухнога g, цеканне), напрыклад: Algirdas, лац. Olgerdus, старабел. Ольгерд; Astikas, лац. Hosticus, старабел. Остик; Chodkevičius (е=я) Grigas, лац. Gregorius Chodchevicius, старабел. Ходкевич; Davaina, лац. Dovoyna, старабел. Довойна; Glebavičius Jonas, лац. Ioannes Hlebovicius, старабел. Ян Глебович; Golubickis Grigas, лац. Holibicius, старабел. Голубицкий; Lešekas Juodasis, лац. Lesco, старабел. Лешко; Mindaugas, лац. Mendogus або Mindocus, старабел. Мендокг; Narimantas, лац. Narimuntius, старабел. Нарымунт; Olga, лац. Holha, старабел. Ольга; Radvila, лац. Radiuilius, старабел. Радивил; Sapiega, лац. Sapieha, старабел. Сапега; Skirmantas, лац. Scirmontus, Scirmuntus, старабел. Скирмунт; Timofe-jus, лац. Cimophaea, бел. Цімафей; Tiškevičius, лац. Tischevicius, старабел. Тышкевич; Traidenis, лац. Troydenes, старабел. Тройдень. Гэтыя факты сведчаць, што сцвярджэнне ўкладальніка выдання аб літоўскай як роднай мове Я. Радвана небясспрэчнае. Хаця аўтар і даводзіць, што моўныя асаблівасці літоўскіх слоў, згаданых у «Радзівіліядзе», сведчаць, што паэт або нарадзіўся дзе-небудзь ва Усходняй Аўкштайціі (магчыма, у Вільні), або доўга тут жыў.
Канцэпцыя выдання вытрымана ў папулярным зараз у Літве дзяржаўніцкім духу. У дачыненні да паэта, яго твора, падзей, у ім апісаных, у прадмове ўжываюцца выключна тэрміны літоўскі, літоўцы (Lietuvos, lietuviai). Ствараецца ўражанне, што ні Радван, ні яго паэма ніякай сувязі з другой складальнай этнічнай часткай агульнай балцка-славянскай дзяржавы ВКЛ не маюць. Гэта дэманструе ўжо загаловак прадмовы «Пясняр велічы Літвы». Толькі ў адным выпадку ў прадмове, якая займае амаль 44 старонкі, ужыты тапонім Вялікае княства Літоўскае, які, аднак, з-за яго скарочанасці якраз на азначэнні «Літоўскае» таксама не супярэчыць названай канцэпцыі. Вядома, дзяржаўніцкая канцэпцыя сучаснай літоўскай гістарычнай навукі грунтуецца на тым, што заснавальнікамі ВКЛ былі літоўскія князі і само княства называлася Літоўскім. Гэта дае як быццам падставу лічыць усю яго тэрыторыю Літвой, што часткова правільна, калі мець на ўвазе Літву летапісную, гістарычную вобласць, Літву ВКЛ, з прычыны чаго і ў адносінах да беларусаў ужываўся этнонім «ліцвіны» (польск. litwin «літовец»), сваю ролю адыграла і позняе ўзнікненне ў беларусаў іх сучаснага этноніма. Каб усё ж дыферэнцыраваць ліцвінаў-балтаў ад ліцвінаў-славян ва ўмовах, калі этнічныя літоўцы ў XIX ст. пачалі барацьбу за сваё нацыянальнае самавызначэнне, у расійскай афіцыйнай гістарыяграфіі замест «беларускі» ўжывалася азначэнне «литовско-русский» (напраклад, у загалоўку працы М. К. Любаўскага «Литовско-русский повет и его сеймик»). Як вядома, прозвішча Радван не этымалагізуецца паводле літоўскай мовы, чаго нельга сказаць пра Радзівілаў (літ. radvilà «падкідыш»), у той жа час Радзівілаў можна лічыць этнічна літоўскім родам ужо толькі па паходжанні, улічваючы іх рассяленне, геаграфію ўладанняў, асіміляцыю, палітычную, ваенную і культурную ролю ў гісторыі ўсіх этнасаў ВКЛ і нават Рэчы Паспалітай. Таму беларусы маюць такое ж права на Радзівілаў і іх спадчыну, як і літоўцы. Тое самае датычыць і Радвана. У школьных падручніках па літоўскай літаратуры вывучаецца, напрыклад, творчасць Адама Міцкевіча (Adomo Mickevičiaus kūryba), відаць, на той падставе, што сваю паэму «Дзяды» ён пачынае словамі «O Litwo, ojczyzna moja», маючы на ўвазе, зразумела, не этнічную Літву. Аднак ні Радван, ні Міцкевіч не пісалі, як вядома, па-літоўску, як не пісалі па-беларуску Мікола Гусоўскі і Ян Вісліцкі. Лацінская мова ў часы Вялікага княства Літоў-скага — гэта не ёсць літоўская мова, як і літоўская мова не ёсць лацінская мова насуперак вядомай легендзе аб рымскім паходжанні літоўскай арыстакратыі . Таму цалкам літуанізаваць Радвана і яго творчасць як быццам няма важкіх падстаў. Натуральна, літоўцы ў духу часу не абавязаны дзяліць Яна Радвана, як і іншых дзеячаў і культурныя каштоўнасці эпохі ВКЛ з беларусамі і ўкраінцамі, паколькі гэта не працуе на дзяржаўніцкую канцэпцыю. Аднак чаму ж тады беларусы гэтыя каштоўнасці з літоўцамі дзеляць? Напрыклад, аўтар першай манаграфіі, прысвечанай творчасці Ф. Градоўскага, А. Рымшы і Я. Радвана С. В. Кавалёў называе іх паэзію не беларускай па прыкладу С. Нарбутаса, а паэзіяй Беларусі і Літвы . Таксама аўтар артыкула пра Я. Радвана ў т. 6. Энцыклапедыі
гісторыі Беларусі Н. Скеп’ян называе яго «паэтам-лаціністам, адным з заснавальнікаў жанру героіка-эпічнай паэзіі ВКЛ» . Беларускі літаратуразнавец І. В. Саверчанка ў сваёй манаграфіі, прысвечанай старажытнай паэзіі Беларусі, разглядае ў асноўным творчасць паэтаў, якія пісалі па-беларуску . І пры гэтым мы, беларусы, не лічым сваю культуру ў нечым абдзеленай. Так, Ф. Градоўскі, Я. Радван лічылі сябе ліцвінамі, аднак гэта, як вядома, не толькі этнонім, але і палітонім. Відаць, усведамляючы этнічную неаднолькавасць сваіх суайчыннікаў, гэтыя паэты абралі ў якасці мовы сваёй творчасці лацінскую, даступную ўсім адукаваным жыхарам дзяржавы, незалежна ад этнічнай прыналежнасці. Такім чынам, яны пісалі і для літоўцаў, і для беларусаў, і для ўкраінцаў, значыць, іх творчасць у аднолькавай ступені належыць усім народам — спадкаемцам ВКЛ. Лічыць Я. Радвана выключна літоўскім паэтам — азначае замоўчваць той факт, што яго паэма прысвечана ў асноўным падзеям, якія мелі месца на тэрыторыі цяперашняй Беларусі — бітвам на р. Уле, пад Полацкам, Оршай, ролі ў іх Радзівіла Рудога і заснавальніка Брэсцкай і Нясвіжскай друкарняў Радзівіла Чорнага.
    

 Ж. Некрашэвіч-Кароткая чытае ўрывак з "Радзівіліяды" па-беларуску. 
      
Называць літоўцамі (lietuviais) дзеючых асоб твораў Я. Радвана як быццам гістарычна адэкватна: усе жыхары Вялікага княства Літоўскага (якраз па першым з яго палітычных азначэнняў) называлі сябе ліцвінамі (у тым ліку і самі паэты Беларусі і Літвы XVI ст.), аднак частка ліцвінаў пазней стала называць сябе беларусамі. Таму каб было зразумела сучаснаму чытачу (тым больш, калі ён не выхадзец з былой тэрыторыі ВКЛ і не арыентуецца ў этнічным ландшафце гэтай дзяржавы), трэба паняцці «жыхары ВКЛ — выхадцы з тэрыторыі этнічнай Беларусі» і «жыхары ВКЛ — выхадцы з тэрыторыі этнічнай Літвы» дыферэнцыраваць. Справа ў тым, што літоўская гістарычная літаратура мае чытачоў па абодва бакі літоўска-беларускай мяжы, і недыферэнцыраванасць палітонімаў у гэтай літаратуры кідаецца беларусам у вочы. Зараз, калі частка аб’ядноўваемых у мінулым пад палітонімам «Літва» жыхароў ВКЛ мае іншую назву, тэрміны «Lietuva, lietuviai» ўжо не могуць успрымацца беларусамі як палітонім, бо дзяржавы «Літва» ў яе ранейшым разуменні (ВКЛ) не існуе, таму гэтыя тэрміны непазбежна асацыіруюцца з цяперашняй дзяржавай з такой назвай і яе жыхарамі. Ужыванне тэрмінаў «Lietuva», «lietuviai» ў адносінах да рэалій славянскай часткі ВКЛ без агаворак дае падставу для папрокаў у аднаасобнай прэтэнзіі Літвы на спадчыну ВКЛ, відавочнай камфортнасці выкарыстання гэтых тэрмінаў для літоўскай гістарычнай навукі.
Тэндэнцыі да аб’яднання літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў у адзін народ Вялікага княства Літоўскага (ліцвінаў) — «літоўская» («ліцвінская») этнічная і палітычная самасвядомасць беларусаў, салідарнасць беларускай і літоўскай шляхты ў адстойванні сваіх правоў, славянізацыя літоўцаў (пачынаючы з заснавальнікаў княства — вялікіх князёў літоўскіх) у балта-славянскай дзяржаве са шматкратнай перавагай славянскага насельніцтва. Патрыёты ВКЛ, у тым ліку і тагачасныя паэты Беларусі і Літвы, настойліва называлі сябе ліцвінамі насуперак цэнтралісцкай тэндэнцыі польскіх ідэолагаў, якія прытрымліваліся традыцыйных азначэнняў «сарматы» (уся шляхта Рэчы Паспалітай), Сарматыя (уся Рэч Паспалітая) . Называць жа зараз ВКЛ Літвой, Літоўскай дзяржавай азначае ігнараваць факт вышэйзгаданай перавагі славянскага насельніцтва княства над балцкім і падводзіць такім чынам базу пад выснову, што беларусы былі нацыянальнай меншасцю. З літуаніза-цыі ВКЛ мы, беларусы, можам мець таксама свае дывідэнды: калі ВКЛ — Літва, а ўсе мы — ліцвіны, значыць, як ліцвіны з Каўнаса, Паневяжыса, Клайпеды, Шаўляя могуць лічыць Я. Радвана і А. Міцкевіча сваімі, так і мы, ліцвіны з Менска, Барысава, Віцебска, Магілёва, можам лічыць сваімі М. Мажвідаса, М. Даўкшу. Такія вось атрымліваюцца сур’ёзныя вынікі з несур’ёзнага палітыканства.
 
 Radziwill.by дзякуе У. Свяжынскаму за адмыслова дасланы на наш сайт артыкул.