Шляхцічы Берасневічы супраць князеў Радзівілаў
7454211323
   
Існуе тэзіс, што пасля паўстання 1830-1831 гг. у Беларусі саслоўная салідарнасць мясцовай шляхты зведала сур’ёзны крызіс, па сутнасці, сышла на нішто. Гэтаму паспрыяла палітыка ўладаў Расійскай імперыі, якія ў гэты час узялі курс на раскол шляхты і перавод яе заможных пластоў у дваранскае саслоўе, а немаёмных — у розныя падатковыя станы. Аднак гэты тэзіс, хутчэй, выдае рамантычныя ўяўленні пэўных польскіх гісторыкаў за гістарычную праўду. Ідэйная падаплёка тут відавочная: шляхта Рэчы Паспалітай была кансалідавана ў адносінах да іншых саслоўяў, супольна бараніла свае маёмасныя і палітычныя інтарэсы, у тым ліку супрацьдзейнічала знешнім пагрозам, на якія не здолела адэкватна адказаць, за што, у рэшце рэшт, і паплацілася. На самой справе для шляхецкага стану на працягу ўсяго часу яго існавання былі характэрны сур’ёзныя ўнутраныя канфлікты, прырода якіх ляжала ў неаднолькавым доступе да зямельнай уласнасці, што спараджала складаную сістэму адносінаў васалітэту ў быццам юрыдычна роўным шляхецкім стане ВКЛ. Канфлікты ўнутры шляхецкага саслоўя мелі агульнаграмадскае значэнне і былі адной з рухаючых сіл у гісторыі ВКЛ. Яскравай ілюстрацый гэтага служыць канфлікт шляхцічаў Берасневічаў з князямі Радзівіламі ў пачатку ХІХ ст., які адбіўся ў дакументах, што захоўваюцца сёння ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Справа гэта разгортвалася вакол правоў на зямельную ўласнасць Сталавіцкай камандорыі Мальтыйскага ордэна. Камандорыя была заснавана ўладальнікам Нясвіжа, ваяводам віленскім князем Мікалаем Крыштофам Радзівілам Сіроткай. Адпаведны дакумент ён выдаў у Нясвіжы 20 лістапада 1610 г. Мяркуючы па логіцы падзей, гэты акт быў зацверджаны кіраўніцтвам Мальтыйскага ордэна на Мальце, але адпаведны мальтыйскі дакумент дагэтуль не адшуканы. Тым не менш, Радзівілы — уладальнікі Нясвіжскай ардынацыі, якім належала права прызначаць сталавіцкіх камандораў, а таксама самі сталавіцкія камандоры знаходзіліся ў сталым кантакце з кіраўніцтвам ордэна на Мальце, што пацвярджаецца шматлікімі дакументамі. 
Справа «Берасневічы супраць Радзівілаў» на падставе судовых дакументаў пачатку ХІХ ст. малюецца такім чынам.
Яшчэ ў тыя часы, калі ўладальнікамі Сталавічаў былі князі Чартарыйскія (да 1595 г.), Берасневічы валодалі суседнім населеным пунктам Торшычы (Торчыцы), пакуль не былі вымушаны аддаць за даўгі гэты маёнтак татарскаму князю Агдулічу . Пасля гэтага Берасневічы прасілі князёў Чартарыйскіх даць ім зямлю. Браты Іван і Аляксандр Фёдаравічы Чартарыйскія надалі шэсць валок зямлі братам Хведару і Андрэю Макаравічам Берасневічам, гаспадарскім зямянам Новагародскага павета: «Грунту пустого волок чатыры в конец села нашого Цюкантович, а волок две над речкою Гацищанкою Залужа, недалеко селца нашого Заполя од стороны граничное земян повету Новгородзкого з паны Чыжами». Зямля была дадзена з умовай ваеннай службы: «Мают они Бересневичове на коню добрым в жупанце сукна кармазинового часу посполитого рушеня пры почце нашом коня з оружем и горкобузом добрым ставить, и побор до двора Стволовицкого яко з двух огородников давать, а иншое повинности жадное не мают чынить». Грамата была выдадзена Чартарыйскімі 2 чэрвеня 1547 г. у Сталавічах, зафіксавана ў Трыбунале ВКЛ 3 жніўня 1699 г. і ў новагародскім гродскім судзе 23 чэрвеня 1757 г.
Некаторы час І. і А. Чартарыйскія супольна валодалі маёнткам. Потым падзялілі бацькавы ўладанні, і Сталавічы адышлі да Аляксандра. Пасля смерці А.Чартарыйскага (1571 г.) Сталавіцкі маёнтак адышоў да яго сына князя Міхаіла Аляксандравіча Чартарыйскага, які нанава аформіў юрыдычныя адносіны з Берасневічамі на старых умовах: «Року 1575 мая второго дня тот лист родича моего славное памети и стрыя моего передо мною покладали Бересневичове, которы лист я стверджаю и на той службе шести волоках им в Бересневичах вечистыми часы зоставую». Такі парадак захоўваўся даволі працяглы час. Калі ў 1595 г. сыны М.А. Чартарыйскага Юрый і Міхаіл прадалі Сталавічы свайму швагру Вацлаву Багавіціну-Шумбарскаму, то ваколіца Берасневічаў не была згадана ў прадажным лісце. Пасля пераходу Сталавічаў у рукі М.К. Радзівіла Сіроткі (1596 г.) той таксама паважаў правы Берасневічаў і нават надаў Андрэю Берасневічу яшчэ чатыры валокі зямлі (аднак тэкст адпаведнага дакумента не вядомы).
Перадача Сталавіцкага маёнтка Мальтыйскаму ордэну стварыла зусім новую сітуацыю, і становішча Берасневічаў стала юрыдычна няпэўным. Сын Сіроткі, першы сталавіцкі камандор у 1616(?)-1642 гг. Жыгімонт Караль Радзівіл выдаў нейкую «канфірмацыю» на карысць Берасневічаў. Арыгінал ці копія гэтага дакументa невядомы. Наступны сталавіцкі камандор, Мікалай Уладзіслаў Юдыцкі (займаў гэты пасаду ў 1642(?)-1669 гг., з 1654 г. быў генералам артылерыі ВКЛ, з 1660 г. — новагародскім кашталянам) надаў Берасневічам дзве валокі зямлі. Тэкст дакумента зноў жа невядомы. Асобае юрыдычнае становішча Берасневічаў адзначалася і ў інвентары Сталавіцкай камандорыі ад 23 жніўня 1669 г., калі гэты маёнтак перадаваўся наступнаму камандору Гераніму Аўгусціну Любамірскаму: «Паны Ян і Самуэль Берасневічы са сваёй маці-ўдавой за прывілеямі, даўно нададзенымі ад княжат іх мосцяў Чартарыйскіх, антэцэсараў Сталавіцкага маёнтка, а потым і ад княжат іх мосцяў Мікалая Крыштафа Радзівіла, ваяводы віленскага, і Жыгімонта Караля Радзівіла, кавалера мальтыйскага, з канфірмацыяй пры гэтым і ад двух памерлых Юдыцкіх кавалераў , дзеду іх Андрэю Берасневічу за заслугі дадзенай, трымаюць без усялякай павіннасці чатыры валокі, асабліва ж паны Берасневічы з гэтых жа грунтоў пустых трымаюць з ласкі памерлага пана Юдыцкага, кашталяна новагародскага, кавалера, дзве валокі».
Пры камандорстве Казіміра Міхала Паца (1688—1719 гг.) Сталавіцкай камандорыі служыў Станіслаў Берасневіч, за што 28 жніўня 1688 г. атрымаў дзве валокі зямлі ў Цюкантавічах, неабцяжараных падаткамі і павіннасцямі на карысць двара. Да таго ж Пац перадаў 20 чэрвеня 1709 г. Міхалу і Ефрасінні з Забелаў Берасневічам у пажыццёвае карыстанне адну валоку зямлі «за іх паслугі».
Асобае становішча Берасневічаў пацвердзіў і сталавіцкі камандор Ян Ежы дэ Сакс, які 20 чэрвеня 1767 г. (такая, відавочна памылковая, дата прысутнічае ў тэксце судовага дакумента; Сакс трымаў Сталавіцкую камандорыю да 1764 г., калі кантроль над ёю ўстанавіла Генеральная канфедэрацыя ВКЛ, магчыма, маецца на ўвазе 1757 г., бо 23 чэрвеня 1757 г. Берасневічы актыкавалі ў новагародскім гродскім судзе сваі маёмасныя дакументы) выдаў ліст з пацверджаннем правоў Берасневічаў. Гэты ліст быў актыкаваны ў новагародскім гродскім судзе 23 чэрвеня. Наступны камандор таксама выдаў сваё пацверджанне: «Выражанае ў гэтым прывілеі (князёў Чартарыйскіх, – В.П.) права ўтрымліваць дэкларую, на што ўласнаю рукою падпісваюся, каб ніхто з іх мосцяў пасэсараў больш з іх выцягваць не павінен. Дадзена ў Камандорыі Познанскай дня 24 лютага 1767 г.»; «Як гэтае права ў 1767 годзе зацвердзіў, так прашу, каб нікім парушанае не было. Дня 21 студзеня 1769 у Познані. Барталамей Ігнацы Стэцкі, кавалер мальтанскі, камендатар пазнанскі і сталавіцкі».
Толькі калі Сталавіцкая камандорыя ў 1770-х гг. перайшла да Людвіка Мікалая Радзівіла і яго бацькі Міхала Гераніма Радзівіла, правы Берасневічаў на землі былі пастаўлены пад сумненне. Л.М. Радзівіл «наслаў на дамы Берасневічаў грамаду людзей, ставіў іх перад сабою, дакументы ў большай частцы забраў, прывілей Чартарыйскіх спаліць спрабаваў, аплаты арбітральныя пастанавіўшы, шляхам экзекуцыі выціскаў, рэкрутчыну выбіраць асмеліўся, у падводы ганяў, коней на пошту забіраў, грунты і сенажаці адабраў, на свой ужытак засяваў». Фактычна ў канцы XVIII ст. Берасневічы апынуліся ў становішчы сялян.
Гэтак у пачатку XIX ст. Берасневічам давялося даказваць, што яны ніколі не неслі ўладальнікам Сталавічаў ніякіх павіннасцей, адно толькі, згодна з першым прывілеем Чартарыйскіх, павінны былі Сталавіцкаму двару даваць столькі, колькі два агароднікі плацілі. Берасневічы нават звярнуліся праз былога новагародскага ваяводу Юзафа Несялоўскага і былога войскага ВКЛ Міхала Антонія Залескага да нашчадка тых Чартарыйскіх — генеральнага старасты Падолля, аўстрыйскага генерал-фельдмаршала князя Адама Казіміра Чартарыйскага, ці ёсць якія прэтэнзіі да іх? Той адказаў лістом ад 27 жніўня 1806 г. у тым духу, што прэтэнзій няма, і нават выказаў згоду канфірмаваць наданне сваіх продкаў, але і выказаў апасенне, што гэта можа толькі пашкодзіць Берасневічам.
  
__
  
На карысць Берасневічаў было тое, што дэкрэтам ад 3 сакавіка 1799 г. яны былі прызнаны ў дваранстве («радавітай старажытнай польскай шляхтай») з «залічэннем у 1-ы клас» (у першую частку губернскай радаводнай кнігі). Гэта давала магчымасць на роўных, хай сабе і фармальна, судзіцца з Радзівіламі.
Справа разглядалася ў земскім судзе Новагародскага павета. Згодна з судовым дэкрэтам ад 18 лістапада 1811 г. было прызнана права Берасневічаў на карыстанне спрэчнай зямлёй з абавязкам выплочваць на карысць Сталавіцкага двара Радзівілаў штогод 150 польскіх злотых замест колішняга выстаўлення вайсковага почата. Пасля такога прысуду абодва бакі падалі апеляцыі ў Галоўны суд у Гродна. 25 красавіка 1816 г. Берасневічы прадставілі там аўтэнтычны прывілей Чартарыйскіх 1547 г. з пазнейшымі пацвярджальнымі запісамі на ім. Да новага разгляду справы ў судзе, аднак, не дайшло, бо бакі здолелі прыйсці да згоды. Марцін Берасневіч, які дзейнічаў ад імя сваіх дзядзькоў (з боку бацькі) Мацея, Ежы і Станіслава, а таксама братоў Ігнацыя і Юзафа, заключыў пагадненне з радзівілаўскім бокам. Было прызнана, што спрэчныя землі — уласнасць Радзівілаў, а Берасневічы атрымалі яе ў арэнду з абавязкам па-старому плаціць за яе штогод 150 злотых. Яны абавязаліся на працягу 1816-1818 гг. не выдаляць адтуль тагачасных радзівілаўскіх дзяржаўцаў, а тыя павінны былі працягваць выплочваць арэндную плату, але ўжо на карысць Берасневічаў. 
Аналізуючы гэту судовую справу варта звярнуць увагу на тое, што Берасневічы з самага пачатку выступалі ў адносінах да князёў Чартарыйскіх у якасці васалаў, абавязаных несці ваенную службу ўзамен за права карыстацца зямельным надзелам. Такі ж статут захаваўся за Берасневічамі і ў адносінах да сталавіцкіх камандораў Мальтыйскага ордэна, у тым ліку Радзівілаў. Гэта яшчэ адно са сведчанняў таго штуршка, які ў XVI ст. прывёў у Беларусі да развіцця феадальных адносін у іх, бадай, класічных формах, характэрных для Заходняй Еўропы, але больш ранняга часу. На рэнесанс феадалізму ў Вялікім княстве Літоўскім у XVI ст. даследчыкі ўжо звярталі ўвагу. Васальныя адносіны шляхты ў адносінах да магнатаў найбольш ярка бачны ў асяроддзі Радзівілаў. Магчыма, буйнейшы атрад васальнай шляхты ў магнатаў у XVI-XVIII ст. – гэта клецкая шляхта Радзівілаў. Менш шматлікай была давыд-гарадоцкая шляхта Радзівілаў. У іншых магнацкіх маёнтках былі свае атрады (початы) васальнай шляхты, часам толькі асобныя шляхціцы ці шляхецкія сем’і, як мы гэта бачым у справе Берасневічаў. Спецыяльнага даследавання дачакалася адна з груп тураўскай шляхты XVIII ст.
Увогуле праблема васальнай, залежнай ад магнатаў шляхты Беларусі не атрымала ўсебаковага навуковага разгляду. Некаторыя яе аспекты даследаваў В. Сянкевіч, але толькі ў дачыненні да XVI ст. . Справа Берасневічаў дае цікавы матэрыял, як трансфармаваліся традыцыйныя ваенныя павіннасці залежнай шляхты. Менавіта традыцыямі вайсковага саслоўя тлумачацца спасылкі Берасневічаў на ранейшае нясенне імі ваеннай службы. Цікава, ці выконвалі яны яе хоць у XVI ст.? Прынамсі, у некаторых магнацкіх маёнтках залежная шляхта несла ваенную службу, праўда, не столькі для абароны краіны ад знешніх ворагаў, колькі для барацьбы з магнатамі-суседзямі. З судовай справы Берасневічаў не бачна, каб яны рэальна неслі ваенную павіннасць на карысць дзяржавы. Тое ж можна сказаць і ў адносінах да Мальтыйскага ордэна ў цэлым і сталавіцкіх камандораў ордэна ў прыватнасці. Як можна меркаваць на падставе наяўных дакументаў, выкананне ваеннай службы шляхціцаў Берасневічаў засталося толькі на паперы і даволі рана было заменена на іншыя павіннасці. Застаецца толькі здзіўляцца, як у такіх умовах Берасневічы дамагліся ў канцы XVIII ст. зацвярджэння ў расійскім дваранстве (бо адсутнасць зямельных уладанняў, прыгонных сялян, рэальнай ваеннай службы былі відавочна не на іх карысць).
  
 
 Radziwill.by дзякуе В. Пазднякову за адмыслова дасланы на наш сайт артыкул.