Манаграма князя Багуслава або загадка герба Слуцка
  
Слуцк – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай. Адзін з самых пазнавальных слуцкіх сімвалаў – гарадзкі герб з паэтычнай выявай Пегаса і загадкавымі залатымі літарамі пад княжацкай каронай на пурпурнай сукне. Новыя крыніцы, знойдзеныя аўтарам, раскрываюць таямніцу гэтай манаграмы, а таксама сведчаць, што ў сучаснай рэканструкцыі гербу была дапушчана прыкрая недакладнасць...
Князь слуцкі – кузэн “Караля-Сонца”
  

   
Бліскучы арыстакрат, адзін з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы грамадска-палітычны дзеяч Багуслаў Радзівіл (1620 – 1669), імя якога неразрыўна звязана з гісторыяй беларускага горада Слуцка, нарадзіўся ў Гданьску ў сям’і князя Януша Радзівіла, віленскага кашталяна, і прынцэсы Лізаветы Сафіі Гагенцолерн. Рана страціўшы бацьку, сваё дзяцінства ён разам з маці правёў у бацькоўскіх маёнтках у Прусіі і Франконіі. У 1628 годзе маленькі князь вярнуўся ў Літву. Пад апекай свайго знакамітага дзядзкі Крыштафа Радзівіла (1585-1640), вялікага гетмана літоўскага, Багуслаў атрымаў бліскучую адукацыю ў кальвінісцкіх гімназіях Вільні і Кейдан. Тут ён навучаўся разам з віднымі еўрапейскімі арыстакратамі таго часу, такімі як сілезскі князь Хрысціян Легніцкі, якія лічылі за гонар атрымоўваць веды ў ВКЛ. Адна з такіх гімназій, заснаваная бацькам Багуслава Радзівіла, дзейнічала і ў Слуцку.
У 1637 – 1648 гадах Багуслаў Радзівіл працягнуў сваю адукацыю падчас традыцыйнага для тагачасных беларускіх магнатаў Grand Tour (“Вялікім Ваяжы”) па Заходняй Еўропе, падарожнічаў па Нямеччыне, Нідэрландах, Францыі і Англіі. Князь навучаўся ў знакамітых галандскіх ўніверсітэтах Гронінгена, Франекера і Утрэхта, прыватных “рыцарскіх акадэміях” у Парыжы, браў удзел у ваенных выправах галандскіх і французкіх войскаў супраць іспанцаў. Багуслаў Радзівіл наладзіў сетку шчыльных кантактаў з прадстаўнікамі пануючых дамоў Еўропы: Гагенцолернамі, Аранскімі-Насаў, Бурбонамі, Пфальцамі, Сцюартамі, Гесэн-Касэлямі, Анхальтамі – сувязі, якія нярэдка былі падмацаваныя і дынастычным сваяцтвам. Так, нават знакаміты Людовік XIV “Кароль-Сонца” звяртаўся да яго няйначай, як “наш даражэйшы і ўлюбёнейшы кузэн...”
  
Непрыступны бастыён Літвы
 Пасля вяртання на радзіму ў 1648 годзе Радзівіл, займаючы пасаду канюшага ВКЛ, апынуўся ў віхуры падзей, звязаных з казацкім паўстаннем на Украіне, Трынаццацігадовай вайной з Расіяй, Кейданскай уніяй ВКЛ са Швецыяй, у якіх Багуслаў прыняў самы актыўны удзел. У 1657 годзе яго сваяк, брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм Гагенцолерн прызначыў Багуслава прускім генерал-губернатарам. У Кёнігсбергу ён стаў аднім з першых еўрапейскіх архітэктараў абсалютызму, заклаўшы будучую веліч Прускай дзяржавы. 
 Багуслаў Радзівіл быў вялікім мецэнатам мастацтва і навукі свайго часу. Яго каласальны збор жывапісу ў Любчы налічваў каля тысячы твораў мастацтва, у якім толькі работы аднаго слыннага Лукаса Кранаха складалі 24 адзінкі, а ў кнігазборы князя пачэснае месца займаў і знакаміты “Радзівілаўскі” летапіс XV стагоддзя. Дзякуючы яго падтрымцы, працавала кальвінісцкая гімназія, а таксама школы пры праваслаўным Праабражэнскім брацтве ў Слуцку. 
Слуцк быў пярлінай ўладанняў Багуслава Радзівіла і адной з яго галоўных рэзідэнцый. Менавіта ён ператварыў Слуцк у адзін з самых вялікіх, заможных і квітнеючых гарадоў ВКЛ з насельніцтвам больш за 7 000 чалавек. Ён быў умацаваны выдатнай інавацыйнай сістэмай бастыённых фартыфікацый, якія баранілі вялікі гарнізон і нават 4 палкі гарадскога апалчэння, сфарміраваныя і абучаныя на манер галандскіх schutterijen (стралкоў). Дзякуючы гэтаму, Слуцк стаў адзіным горадам Беларусі, які не быў захоплены і разрабаваны падчас крывавай вайны 1654–1667 гадоў паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй (з удзелам Швецыі, Брандэнбурга-Прусіі, Аўстрыі і Трансільваніі), вайны, што заставіла пасля сабе попел і разбурэнні па ўсёй краіне і забрала жыцці каля 40% жыхароў Вялікага Княства. 
 Развіццё цэхавага рамяства, спрыяльныя эканамічныя ўмовы, створаныя князем, прываблівалі ў горад нават эмігрантаў з далёкай Шатландыі. Былі гэта, праўда, не легендарныя горцы ў кільтах, а кемлівыя і прадпрымальныя шкоты-кальвіністы, нашчадкі саксаў Лоўленду, якія з задавальненнем сяліліся ў Слуцку. У верацярпімым горадзе пад аховай моцных бастыёнаў выдатна суіснавалі пратэстанцкія зборы розных накірункаў Рэфармацыі, праваслаўныя цэрквы і сінагогі. На грошы князя падтрымліваліся дзесяткі праваслаўных святынь гораду, быў заснаваны новы манастыр і шпіталь.
Пад галандскім уплывам энэргічны князь марыў пра стварэнне ў Слуцку збройных мануфактур і нават пра пабудову гандлёвага канала, каб злучыць рэкі Нёман і Случ, а значыць басейны Балтыйскага і Чорнага мора. Гэта безумоўна зрабіла б горад аднім з найбольш важкіх гандлёвых цэнтраў рэгіёну.
  
Герб Слуцка і таямніца радзівілаўскай манаграмы
Аднім з этапаў развіцця сталіцы княства 27 жніўня 1652 года стала наданне Багуславам Радзівілам гораду Слуцку Магдэбурскага права і шэрагу прывілеяў (пацверджаных соймам і каралём Янам ІІ Казімірам). У прыватнасьці, Радзівіл дазволіў пабудаваць ратушу, абіраць бурмістраў, членаў гарадской рады і лаўнікаў, самастойна рэгуляваць дзейнасць рамесных і купецкіх цэхаў, вырашаць пытанні забудовы горада, адкрыцця новых крамаў. Усталёўваліся гандлёвыя дні (панядзелак і субота), кірмашы два разы на год, на якіх былі тавары нават з буйных партовых гарадоў Балтыкі: Рыгі, Кёнігсберга, Мемеля. 
Акрамя таго, старадаўні Слуцк атрымаў уласны, які з’яўляецца сімвалам горада і зараз. У наш час ён адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны. Паводле прынятага афіцыйнага апісання выявы герба, рэканструяванага вядомым беларускім даследчыкам Анатолем Цітовым, ён уяўляе сабой наступную кампазіцыю: “у блакітным полі срэбны конь з крыламі; на чырвонай гуньцы пад княжацкай каронай манаграма R[adivil] D[ux]” (Цітоў, А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI – пач. XX ст.), Мінск 1998, с. 234). 
 Рэканструкцыя герба была зроблена А. Цітовым, прызнаным адмыслоўцам у галіне сфаграфістыкі і геральдыкі, паводле выяў гарадскіх пячатак Слуцка XVII-XVIII стагоддзяў. Аднак, калі звярнуцца да гэтай крыніцы, можна заўважыць, што згаданая выява манаграмы на гуньцы вельмі неразборлівая (гл. іл. 1 і 2). Гэта абслаютна не дзіўна ў мініяцюрным фармаце пячаткі ці, тым больш, яе адбіткаў. 
Упершыню інтэрпрэтацыю А. Цітова манаграмы на гербе Слуцка паставіла пад сумненне Тамарай Габрусь у сваім артыкуле “Навошта каню крылы, альбо ўшанаванне Багуслава Радзівіла” (Спадчына, 1993, № 1, с. 69-75), прысвечаным духоўнай і матэрыяльнай спадчыне князя. Аўтарка сцвярджала, што “манаграма, размешчаная пад княжацкай каронай, даволі лёгка раскладаецца на лацінскія літары "В" і "R" - пачатковыя літары імя Багуслава Радзівіла”. Зважаючы, што менавіта Багуслаў Радзівіл быў ініцыятарам надання Слуцку гарадскіх правоў і герба, версія Т. Габрусь выглядае вельмі пераканаўча. 
Але новыя знойдзеныя крыніцы засведчылі, што версіі А. Цітова і Т. Габрусь не зусім слушныя (ці можна сказаць, што кожны з іх мае рацыю напалову), а манаграма складаецца насамрэч не з двух, а з трох літар: BRD - Boguslaus Radzivil Dux (лац. Багуслаў Радзівіл Князь).
                                   
 
1. Сучасны герб Слуцка. 2. Перамалёўка пячаткі слуцкага магістрата другой паловы XVII-XVIII ст. 3. Паліваная і непаліваная кафля з Біржанскага замку, 1660-я гг. 4. Кафля са слуцкага Верхняга замку, 1650-1660-я гг. 5. Выява манаграмы Б. Радзівіла з інвентара гармат Слуцкай фартэцыі 1705 г.
  
Адной з такіх інтрыгуючых знаходак стала пячная паліваная і непаліваная кафля 1660-х гадоў, якая паходзіць з Біржанскага замку (зараз у Літве), што ў той час належаў і быў перабудаваны князем Багуславам Радзівілам (гл. іл. 3). Кафля змяшчае вельмі выразныя абрысы гэтых трох літар, якія добра пераклікаюцца з літарамі на гербе Слуцка. Гэта значыць, што манаграма на гербе Слуцка і кафлі была створана паводле аднаго мастацкага шаблону, які трэба напрамую звязаць з асобай князя Багуслава Радзівіла. 
Яшчэ большую цікавасць выклікае унікальная паліхромная кафля памерамі 19,5x19,5 см, знойдзеная падчас археалагічных раскопак Верхняга замку непасрэдна ў самім Слуцку ў 1985 – 1986 гадах пад кіраўніцтва Леаніда Калядзінскага. Зараз яна экспануецца ў Слуцкім краязнаўчым музеі. На ёй змешчана выява герба Слуцка ў лаўровым вянку. У цэнтры, на чырвонай гуньцы каня – манаграма BRD. Літары змешчаны асобна і чытаюцца вельмі разборліва (гл. іл. 4). 
Багуслаў Радзівіл надаваў вялікую ўвагу розных архітэктурным, будаўнічым і мастацкім дэталям, у тым ліку канструкцыі печаў у сваіх палацах і малюнку кафлі (у НГАРБ захаваліся два падрабязныя праекты кафляных печаў з абмерамі, зробленых рукой князя). Таму цалкам магчыма, што ён самастойна мог праінструктаваць майстроў нават наконт такой драбязы, як афармленне гэтай выявы гербу на кафлі. 
Вельмі цікавая крыніца была знойдзена ў Радзівілаўскім архіве ў Варшаве. Гэта інвентар 1705 года гармат Слуцкай фартэцыі, пашкоджаных шведамі падчас Вялікай Паўночнай вайны. У ім, паміж іншага, згадваюцца чатыры гарматы тыпу “фельдшланг” і адна мартыра, адлітыя на загад Багуслава Радзівіла. На інскрыпцыях кожнай з гэтых гармат была змешчана манаграма BRD пад княжацкай каронай. Выява літар BRD, старанна перамаляваная ў інвентары ад рукі, дакладна паўтарае абрысы манаграмы князя на кафлі з Біржанскага замку (гл. іл. 5).
Відавочна, што менавіта такая манаграма была персанальным сімвалам Багуслава Радзівіла. Яна шматразова выкарыстоўвалася і рэпрадуктавалася на розных артэфактах, звязаных з яго імем. Беручы пад увагу гэтыя важныя крыніцы, можна зрабіць выснову, што ў 1652 годзе менавіта яна і была змешчана ўладальнікам Слуцка на падараваным гораду гербе. Гэта ж манаграма, якая з цяжкасцю расчытваецца, была таксама і на гербе гарадскіх пячатках.  
  
Ці вернецца імя князя на герб горада?
Хацелася б, каб на гэтыя акалічнасці звярнулі ўвагу ў першую чаргу гарадскія і раённыя ўлады Слуцка, адпаведныя дзяржаўныя інстытуты Беларусі. У нас, як нашчадкаў шматвекавой гісторыі, ёсць магчымасць вярнуць незаслужана забытае імя князя Багуслава Радзівіла, які зрабіў гэтак шмат для Слуцка і Случчыны, на самае пачэснае месца – у выглядзе дакладнай выявы яго манаграмы і яе правільнага прачытання на гербе горада, які ён уласна і надаў тры з паловай стагоддзі таму. Асаблівую актуальнасць гэтаму надае юбілей (360 гадоў) атрымання Слуцкам уласнага герба, які будзе адзначацца ў наступным годзе.

©Кірыла Карлюк "Манаграма князя Багуслава або загадка герба Слуцка" // "Наша Ніва", № 23, 15 чэрвеня 2011 г., с. 13.
  
Radziwill.by дзякуе аўтару Кірыле Карлюку за дасладныя артыкул і фатаграфіі.