Радзівілаўскія чытанні (2 этап)

Вось менавіта учора гэта і адбылося.  Другі этап Радзівілаўскіх чытанняў у Жодзіна, калі хто не ведае яшчэ, пра што тут размова, глядзім ніжэй. Адразу скажу, што для першай спробы наладзіць нешта цікавае адначасова і пазнавальнае і забаўляльнае і крыху навуковае, мерапрыемства прайшло файна. Прасторная зала ДК БелАЗа, нармалевыя мікрафоны, акустыка і адсутнасць чэргаў у буфеце падчас перапынку парадавала, хоць можа хто скажа, што гэта і дробязі для такой выдатнай ідэі, але ж вельмі прыемныя дробязі. Склад удзельнікаў: як навукоўцы, такі і "калянавукоўцы" да і проста школьнікі+музычная і дэкарацыйная падтрымка ў выглядзе лыцараў у латах ды пекных пані ад "Тутэйшай шляхты". Напачатку, як заўседы, слова мела Адміністрацыя горада, прамова мэра, віншаванні з нагоды адкрыцця, ну а пасля і пачалося :)...усе фота-клікабельныя...

 

Вядучая імпрэзы--дырэктарка Жодзінскага краязнаўчага музея.
 

Да гонару арганізатараў імпрэзы можна сказаць, што выступы дакладчыкаў былі пастаўлены ў праграме вельмі ўдала: ад болей да меней навуковых і забаўляльных у канцы праграмы. Трохі дысбалансу ўнесла тое, што навукоўцы, рыхтуючы свае паведамленні абапіраліся мабыць на больш спецыялізаваную аўдыторыю, таму зацягнутыя і перагружаныя навуковымі тэрмінамі тэксты большасцю аўдыторыі, нагадаю, што каля 60-90% з іх былі дзеці-школьнікі, успрымаліся не вельмі, таму праз 10-15 хвілін навуковай лексікі дзятва пачынала шумець ды губляла цікавасць да выступоўцы і яго тэкстаў. Тут вядома трэба было б больш спрасціць ці скараціць тэксты выступаў, тым больш, што шмат хто з навукоўцаў у рэгламент не ўкладаўся ды прапускаў шмат з дакладу. У будучым, як мне паведамілі, павінен выйсці зборнік тых дакладаў для ўсіх цікаўных. Асабліва шмат новага чакае тых, хто цікавіцца асобай Багуслава Радзівіла, да 390-годдзя якога была і прымеркавана ўся тая імпрэза.

 

Выступае аўтарка ідэі Радзівілаўскіх чытанняў-Галіна Іванаўна Аніскевіч
 
 
Грунтоўны даклад аб бацьку Багуслава-Янушы Радзівіле мела А.А. Скеп'ян.
 
 
 
Вялікі пласт новай інфармацыі аб Багуслаў-Полі (Жодзіна) падалі А.Б. Доўнар
 
і яго судакладчык А.А.Пруднікаў; нажаль вялікая частка выступу засталася па-за рэгламентам :(
 
А.І. Шаланда дакладае аб асаблівасцях радзівілаўскай геральдыкі
 
Вельмі і вельмі спадабалася гледачам і мне асабіста выступленні дзіцячай часткі мерапрыемства. Сапраўды, дзеці і настаўнікі вельмі пастараліся, прадставіўшы свае праекты па арганізацыі такіх праектаў, як  “Карчма-музей “У Багуслава” (Жодзінская гімназія №1)., планіроўка ў горадзе забаўляльна-адпачынкавай "Радзівілаўскай плошчы" (Жодзінская СШ №8) і помніка Багуславу Радзівілу. Загадзя скажу, што таленавітыя дзеткі ўсе атрымалі дыпломы ды ўзнагароды ад журы конкурсу. Можа, калі-небудзь тыя праекты сапраўды дадуць матэрыял для развагі мясцовым уладам пры далейшым добраўпарадкаванні ды разбудове горада.
Аўтары "Карчмы ў Багуслава" падчас абароны свайго праекта :)
 
 
Аўтаркі праекту добраўпарадкавання гораду ды помніка князю Багуславу.
 
 
А вось і сам помнік, пакуль у мініяцюры.
 
Што тычыцца сапраўднага помніка-бюста князя Багуслава, то яго стварэннем зараз займаецца  скульптар Батвінёнак Аляксандр Уладзіміравіч, які крыху распавеў пра творчыя асаблівасці сваей новай працы. Так што, спадзяемся, хутка Жодзіна ўпрыгожыць помнік заснавальніка мястэчка.

Не абыйшлося без прыемных сюрпрызаў. Своеасаблівую прэзентацыю "Аўтабіяграфіі" Багуслава Радзівіла наладзіў пісьменнік, выдавец ды аўтар пасляслоўя да кнігі Сіўчыкаў Уладзімір Мікалаевіч. Кніга дасталася ў падарунак усім выступаючым. Пра гэтае выданне мы ўжо пісалі, а вось яшчэ адзін сюрпрыз падрыхтавала Аніскевіч Галіна Іванаўна, прадэманстраваўшы сваю будучую кнігу пра Багуслава Радзівіла. Праца над кнігай ўжо скончаная і яе аўтарка запэўніла мяне, што праз некаторы час пры дапамозе мясцовых ўладаў кніга з'явіцца ў продажы. Так што, з нецярпеннем будзем чакаць. Я меў магчымасць пазнаеміцца з кнігай і быў прыемна здзіўлены.

 

Вось такая прыгожая кніжка.
 
 
Уладзімір Сіўчыкаў з "Аўтабіяграфіяй". Я, натуральна, не мог не ўзяць аўтограф:)
 
 
Малодшае пакаленне таксама не засталося ў пазыцы: дзяўчынкі з Жодзінскай СШ№6 падрыхтавалі відэапрэзентацыю-дыск "Знаемства в Багуславам Радзівілам", які падаравалі ўсім выступаючым, дазвол ад аўтаркак змясціць дыск на сайце атрымаў і я, так што пакуль не ведаю як, але планую ў хуткім часе паказаць яго ўсім са старонак radziwill.by. Дарэчы дзякуючы нашаму сайту, на канферэнцыі мела слова і адна з яго аўтарак--Настасся Жарская. Яе матэрыялы пра дачыненні Радзівілаў да Мальтыйскага ордэна можна пачытаць тут і тут.
А вось яна сама выступае.
 
Нажаль не давялося паслухаць заяўленыя раней у праграме даклады спадароў Мальдзіса, Лазукі і некаторых іншых з-за іх адсутнасці. Я праўда не ведаю, як тады ўсе выступоўцы паспелі б прачытаць свае паведамленні, бо скончылася ўсе якраз амаль што па гадзінніку з невялікім спазненнем. Расказаць пра ўсіх дакладчыкаў немагчыма, але галоўнае--імпрэза напраўдзе ўдалася. І як мне паведамілі яе арганізатары, яны зробяць усе, каб "радзівілаўскія чытанні" былі працягнутыя і ў іншых мястэчках Беларусі. Ці хаця б ў тых, да якіх мае непасрэднае дачыненне род князеў Радзівілаў. А такіх у нас--багата :)

А гэтыя чытанні адбыліся дзякуючы высілкам аўтаркі ідэі імпрэзы Галіны Іванаўны Аніскевіч ды рады Аргамітэту, таму варта адзначыць іхнія асобы

1. Шарый Ю.А. - першы намеснік старшыні, старшыня аргкамітэта.
2. Жэлудкова Т.А. - начальнік фінансавага аддзела.
3. Грыцук Т.В. - начальнік аддзела культуры.
4. Горыд Я.Т. - начальнік аддзела адукацыі.
5. Лашук А.Э. - начальнік аддзела ідэалагічнай работы.
6. Крэменеўская К.С. - дырэктар ДУ "Молодёжный центр г. Жодино".
7. Казановіч А.Ф. - загадчык вучэбна-метадычным кабінетам гарадскога аддзела адукацыі.
8. Супрановіч І.Ю. - дырэктар Жодзінскага краязнаўчага музея.
9. Сіўчыкаў У.М. - літаратар, выдавец. Вялікі ім дзякуй!