Лёс "Багіні Леды" з нясвіжскага замка.

 

Ноч на Каляды з 24 на 25 снежня 2002 года ўвайшла ў гісторыю ўсёй краіны. Гарэў Нясвіжскі замак. Полымя ахапіла верх цэнтральнага корпуса. Мастацтвазнаўцы і турысты турбаваліся пра лёс дэкаратыўнай карціны над галоўнай лесвіцай — антычнай багіняй Ледай у атачэнні амураў. На жаль, пажарнікі, спрытна патушыўшы агонь, залілі вадой усю столь. Ад фантана са шлангаў пацярпела і “Леда”. Яна адстала ад столі, правісла над лесвіцай, і толькі рама трымала палатно над шырокім пралётам. Неўзабаве пацярпелы ад агню і вады корпус радзівілаўскага дома закрылі на рэстаўрацыю і пра “Леду” доўга нічога не было вядома. Пакуль днямі шэдэўр не знайшоўся. У Мінску. Леда была жонкаю спартанскага цара, але па легендзе на яе з Алімпа заглядаўся і Зеўс. Галоўны грэчаскі бог не змог адужаць сваю спакусу, спусціўся на зямлю, падпільнаваў Леду на рацэ, перакінуўшыся ў лебедзя, і... авалодаў ёю. Ад “спаткання” царыцы з богам нарадзілася Алена Чароўная — тая самая, з-за якой пачалася Траянская вайна. Радзівілы, нягледзячы на тое што былі шчырымі каталікамі, як усе адукаваныя людзі XVIII стагоддзя, захапляліся антычнасцю. Таму сюжэт пра Леду невыпадкова з’явіўся на плафоне лесвіцы галоўнага корпуса замка. У савецкі час, калі тут размяшчаўся санаторый, карціна заставалася

бадай што адзіным жывапісным творам, які ацалеў пасля вывазу з рэзідэнцыі мастацкіх каштоўнасцей у 1940—1941 гадах (падрабязнасці гэтай гісторыі чытайце ў “НГ” ад 22 красавіка г.г.). Леда засталася “лунаць” над наведвальнікамі замка, бо вісела надта высока, каб дабрацца да яе, зняць і перавезці, напрыклад, у музей.

 

 

Многія думалі, што “Леда” гэта фрэска, але толькі пасля таго, як здарыўся пажар, высветлілася: шэдэўр на самай справе — льняное палатно, прыклеенае да столі, так званы плафон. Цяпер жывапісная царыца ляжыць на падлозе ў адной з мінскіх майстэрняў РУП “Мінскрэстаўрацыя”. Ужо два гады над чароўнай пані схіляюцца мастакі-рэстаўратары Уладзімір Нікіцін і Аляксандр Тарасік. Уявіце — плошча палатна 36 квадратных метраў! Са слоў спадара Тарасіка, нясвіжскі плафон — адзіны ў краіне. Такіх палотнаў, якія аздаблялі б столь, больш нідзе няма. Менавіта маштабнасць твора робіць яго адметным. Майстры павінны ачысціць фігуру царыцы ад пылу, лаку і іншых напластаванняў, залатаць дзіркі. Каб працаваць з любой дэталлю твора, даводзіцца абуваць спецыяльныя тапкі, высцілаць па палатне “кладку” з аркушаў паперы і асцярожна рухацца па шэдэўры ад “купіны” да “купіны” — па сантыметры лечачы “Леду” ад траўмаў часу. — Ужо два гады мы расчышчаем карціну, вяртаем ёй першапачатковы выгляд, — паводле інтанацыі расказу Аляксандра Тарасіка я разумею: ён зжыўся з грэчаскай красуняй, як з роднай. — Спярша цяжка было падступіцца да шэдэўра: яго ж прывезлі да нас пашкоджаным, і нельга было спяшацца, каб не зрабіць палатну горш. Але з чагосьці ж трэба было пачынаць. Мы ўзяліся тады вывучаць, ці краналі пэндзлі іншых майстроў “Леду” пасля таго, як яна стала аздабленнем плафона над лесвіцай замка. Аказалася, што, нягледзячы на вышыню, постаць царыцы некалькі разоў падмалёўвалі! К 2011 году “Леда” мусіць узнесціся на алімп Нясвіжскага замка — да той самай столі, з якой яе калісьці знялі. Пакуль мастакі ў Мінску яшчэ “чаруюць” над палатном, у самім радзівілаўскім палацы таксама ёсць чым займацца. Уладзімір Нікіцін, навуковы кіраўнік рэстаўрацыі манументальнага жывапісу палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, кожны тыдзень выязджае ў “беларускі Парыж”. У памяшканнях замка ён з калегамі з-пад слоя тынку выводзіць на белы свет рэшткі старажытных фрэсак. — Па інвентарах (спісах маёмасці), якія складаліся ў радзівілаўскія часы, мы даўно ведалі, што нейкія пакоі мусяць быць размаляваны — відаць, у тым жа стылі, што і касцёл Божага Цела, — Галіна Кандрацьева, намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, ведае многія таямніцы княскага дома. — Але, наколькі дазваляюць меркаваць дакументы, фрэскі былі зафарбаваны вельмі даўно — яшчэ пры магнатах. Цяпер, нарэшце, здагадкі пацвердзіліся: сляды жывапісу знойдзены ў тым жа корпусе, дзе вісела “Леда”, а таксама на столі белай бальнай залы на другім паверсе Камяніцы (будынак справа ад уязной брамы). Літаральна паўгода таму адкрыліся даволі вялікія фрагменты размалёўкі з фігурамі людзей, усходнімі арнаментальнымі матывамі. Часам на адной сцяне рэстаўратары знаходзяць да дзесяці напластаванняў роспісу розных эпох! Аднак захаванасць фрагментаў розная. Паводле ацэнкі спадара Нікіціна, на адных участках ацалела 80 працэнтаў жывапісу, а дзесьці — усяго 20 адсоткаў. Тое, што можна цалкам аднавіць, будзе рупліва адрэстаўравана. І мы, людзі XXI стагоддзя, убачым тыя інтэр’еры, у якіх жылі Радзівілы яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага. Пакуль жа ніхто не ведае, як выглядалі тады пакоі палаца. Гэта адна з найвялікшых таямніц. Няма ніводнай фатаграфіі, малюнка, па якіх можна было б меркаваць аб характары жывапісу замка. Таму кожнае новае адкрыццё рэстаўратараў абяцае быць нечаканым і сенсацыйным.

 

Radziwill.by шчыра дзякуе Віктару Корбуту за дасладны артыкул спецыяльна для нашага сайту.