Замок в Любче

Замак у Любчы на зіму 2009 года

 

Замак у гарадскім паселішчы Любча Навагрудскага раена Гродзенскай вобласці – унікальны архітэктурны комплекс абарончага прызначэння. Унікальнасць гэтага гістарычнага ансамбля ў тым, што Любчанскі замак рэпрэзентуе вельмі чысты стыль Рэнесанс з элементамі, ўласцівымі для нямецкай архітэктуры, і гэта тады, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім будавалі мяшаныя готыка-рэнесансавыя архітэктурныя ансамблі. Замак у Любчы – адзін з нешматлікіх аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны абарончага прызначэня, якія захаваліся нагэтулькі, што па іх можна прасачыць агульныя тэндэнцыі ў архітэктурнай думцы і эстэтычных густах перыяду канца 16 – 17 стагоддзяў. Унікальнасць сітуацыі з замкам у Любчы такая: замак будаваўся як адна з рэзідэнцыяў княскага роду Кішкаў, але ня быў дабудаваны цалкам; пасля Кішкаў за будаўніцтва комплекса ўзяліся Біржанскія Радзівілы, якія зрабілі замак адной са сваіх найгалоўных рэзідэнцыяў, а для гэтага запрашалі заходнееўрапейскіх майстроў; пасля Радзівілаў замкам валодалі расійскія арыстакраты, якія перабудавалі ансамбль, разабраўшы шматлікія пабудовы, але і захаваўшы значную іх частку. Высокі ўзровень захаванасці аўтэнтычнага матэрыялу замка тлумачыцца як руплівасцю пра яго колішніх гаспадароў і дзеячоў культуры, гэтак і збегам гістарычных абставінаў. Першым рупліўцам захавання замка быў Багуслаў Радзівіл, які прыклаў шмат высілкаў і сродкаў для аднаўлення комплекса, пашкоджанага праз аблогі маскоўскага войска падчас вядомай вайны званай Патопам (1654-1667). Князь Багуслаў загадаў ствараць інвентары ўсяго ансамбля, і гэтыя інвентары з’яўляюцца неацэннай гістарычнай крыніцай-рэсурсам для навуковага асэнсавання і рэстаўрацыі комплекса ў цяперашні час. Падчас радзівілаўскага рамонту былі напраўленыя падлогі, вокны, перакрыцці, дахі, масты замка, праведзеныя сур’езныя працы па ўмацаванні элементаў прускага мура, Наднёманскай вежы, а апроч таго Кальвінскага збора і Палаца пана старасты любчанскага (якія абодва знаходзіліся па-за межамі замка ў адзіным з ім ансамблі).

 

Багуслаў Радзівіл

 

Наступным важным этапам захавання замкавага комплекса меліся быць захады да аднаўлення галоўнага жылога мураванага корпуса сярэдзіны 19 стагоддзя пад кіраўніцтвам расійскай графіні Фон Пейкер пасля моцнага пашкоджання ад расійскага артылерыйскага снарада ў 1-ю Сусветную вайну. На жаль, гэтым захадам тады не было дадзена дасягнуць мэты, бо, па нейкім часе, графіня заклала Любчанскі замак з прылеглымі землямі ў Віленскі банк. Корпус жа быў такі адноўлены толькі пры савецкай уладзе і пры гэтым аднаўленні страціў большасць сваіх эстэтычных якасцяў. Яшчэ раней, выкупіўшы замак у Віленскім банку, яго рамантавалі манашкі-уршулянкі, якія хацелі ператварыць гэты стары пацярпелы ад войнаў ансамбль у асяродак культуры і асветы. Зрабіць манашкі паспелі няшмат: замянілі стары струхлелы драўляны ўязны мост на земляны насып, падправілі малы корпус, у якім і жылі. Трэба сказаць, што да самага апошняга часу рупліўцы на ніве адраджэння замкавага комплекса бачылі ў ім збольшага ўтылітарны аб’ект, аднаўляючы ў першую чаргу тое, што магло спатрэбіцца і прызначаючы гэта пад свае надзенныя патрэбы: гэтак, да прыкладу, згодна з адрывістымі сведчаннямі ў інвентары, напаўразбураная 4-я замкавая мураваная вежа магла быць перабудаваная ў адну з пабудоваў на замкавай пляцоўцы. Першым сапраўды культурніцкім рупліўцам захавання замка можна лічыць спадара Вінара Мікалая Андрэевіча, які на ўласную ініцыятыву заснаваў гісторыка-краязнаўчы музей і дамогся аднаўлення галоўнай, Брамнай, замкавай вежы. Пры аднаўленні вежы быў знойдзены адзіны на захаваны Беларусі бронзавы ветранік з геральдычнай кампазіцыяй і датай будаўніцтва замка – “1581”. Наступным пасля сп. Вінара за аднаўленне замкавага ансамбля ў 1986 годзе ўзяўся спадар Скрабец Міхаіл Міхайлавіч – дырэктар завода Лідсельмаш і любчанец па паходжанні. Спадар Скрабец надумаў надаць сэрцу Любчы другое дыханне, ператварыўшы яго ў дом адпачынку з музеем і шыкоўным паркам: дзеля гэтых мэтаў былі праведзеныя комплексныя навуковыя даследванні (абмеры помніка, археалагічныя раскопкі, архіўныя пошукі, натурныя даследванні, геадэзічнае здыманне ўчастка, праект рэстаўрацыі Кутняй вежы і г.д.); больш за тое, быў спецыяльна пабудаваны мураваны дом у які планавалася адсяліць людзей, што жылі на тэрыторыі замка. Былі ўкладзеныя агромністыя матэрыяльныя сродкі і праца дзясяткаў спецыялістаў, зробленыя важныя навуковыя адкрыцці; але замак гэтак і ня быў адноўлены. Неабходна дадаць, што, хоць замак тады і ня быў адноўлены, але зробленыя даследванні і праект заклалі трывалы падмурак пад будучае адраджэнне ўнікальнага помніка. З 1986 году прайшло амаль 17 год і, нарэсце, у 2003 годзе ідэяй аднавіць Любчанскі замак захапіўся іншы любчанец – Пячынскі Іван Антонавіч, які разам са сваім братам, Генадзем Антонавічам, Пронькам Мікалаем Федаравічам, ягоным братам і іншымі аднадумцамі ўзяўся за пачэсную справу. Для пачатку быў сабраны па розных установах у адно цэлае архіў праектнай дакументацыі 1986 году, найбольшы ўнёсак тут зноў жа зрабіў спадар Скрабец, за што яму вялікая пашана і падзяка.

 

Рэканструкцыя замка на 17 ст. Аўтар А. Шулаеў

 

Для складання новага праекта рэстаўрацыі і рэканструкцыі Любчанскага замка ініцыятыўная група звярнулася па дапамогу да аднаго з аўтараў гэтага артыкула, тады яшчэ студэнта-архітэктара Шулаева Андрэя, які ў кароткі тэрмін зрабіў карэкціроўку праекта 1986 году. Пры карэкціроўцы аўтар крыстаўся праектнымі рашэннямі 1986 году, напрацоўкамі тагачаснага навуковага кіраўніка Аляксандра Кандратава і сваімі ў супольнасці з другім аўтарам гэатага артыкула Куц Наталляй натурнымі і архіўнымі даследваннямі; тыя даследвані выліліся ў Справаздачу для Мінстэрства культуры аб натурных даследваннях на гісторыка-культурнай каштоўнасці, шэраг навуковых артыкулаў і, натуральна, былі пакладзеныя ў аснову праектных рашэнняў. Агулам было зафіксаванае дэкаратыўнае абрамаванне карніза Брамнай вежы, выяўленыя рэшткі рэнесансавай аркады абарончых муроў замка, удакладненыя памеры абарончага мура, ўваходнай у Кутнюю вежу мураванай прыбудовы і інш.

 

Адноўленыя на кутняй вежы замка элементы Зграфіто. Фота А. Шулаева

 

У 2004 годзе быў утвораны мясцовы дабрачыны фонд “Любчанскі замак”, які здолеў да 2009 году зрабіць наступнае: на Кутняй вежы (перакладзены разбураны карніз, на якім адноўленыя дэкаратыўныя элементы зграфіта, адноўлены дах з пакрыццем дахоўкай, пяруннікам (маланкаадводам), шпілем і бронзавым ветраніком, адноўленыя 2 ярусы перакрыццяў з дрэва, адноўленая мураваная прыбудова з элементамі канструкцыі “прускі мур”, вывезенае смецце з сутарэнняў (каля 30 тонаў), адноўленая тынкоўка вежы з элементамі зграфіта); на Брамнай вежы (адноўленыя сталярка, першапачатковы ўваход, перакрыцце з дрэва, пакрыцце даха, умацаваная старажытная дахавая канструкцыя і інш.); у малым мураваным корпусе (праведзены рамонт памяшканняў, сталяркі ў іх і інш.); на замкавай пляцоўцы (выяўленая і адноўленая частка колішняга абарончага мура паміж Кутняй і Брамнай вежамі, высечаныя пазнейшыя і выпадковыя насаджэнні на валах, што дазволіла адкрыць першапачатковыя відарысы 16-17 стагоддзяў, і інш.); у замкавым парку (падсаджаныя маладыя дрэвы на месцы страчаных). Неабходна сказаць, што праект рэстаўрацыі замка, а значыць і яго адраджэнне не маглі б адбыцца, калі б не спадар Вальмен Аладаў, дырэктар Творчай майстэрні-школы прафесара В. Н. Аладава, які паставіў на праект сваю ліцэнзію, без навуковага кіраўніка спадара Леаніда Баркуна, які бясплатна працаваў над навуковым кіраўніцтвам, без спецыяліста-хіміка спадарыні Ліліі Усоскай, якая бясплатна даследвала матэрыялы і тэхналогіі Любчанскага замка, у прыватнасці як эксперт сфармулявала алгарытм аднаўленя элементаў зграфіта, тынкоўкі Кутняй вежы і інш., без спадара Валянціна Комара, які дапамагаў са спецыялістамі і штосезон ацэньваў кошт зробленых працаў, без спадара Барыса Казарына, які бясплатна правеў геарадараныя даследванні на замкавай пляцоўцы, без спадарыні Святланы Адамовіч, якая шмат дапамагла па гістарычнай частцы. Зразумела, што гэта ня поўны спіс спецыялістаў, працаўнікоў і ахвярадаўцаў дзеля адраджэння замка, якія ўсе пералічаныя на афіцыйным сайце фонду “Любчанскі замак” – www.lubcza.org.

* * *

 

Храналогія аднаўленчых прац валанцерскіх летнікаў БАСА і "ГІСТОРЫКА".

 

ГОД 2007

 

Падрыхтоўчыя працы МГА "Гісторыка" ў ліпені 2007.

 Падрыхтоўчыя працы да летніка на Любчанскім замку пачаліся 17 красавіка 2007 году і доўжыліся да канца ліпеня. За гэты час адбылося 6 выездаў у Любчу агульнай працягласцю каля 19 дзён. У падрыхтоўчых працах прыняла ўдзел моладзь з Менску, Полацку, Наваградку й самой Любчы, а таксама кіраўнік і чальцы праўлення фонду “Любчанскі замак”. Яны ставілі перад сабой за мэту падрыхтоўку да летніх працаў на замку, а менавіта : даследаванне й абмеры замкавых пабудоваў дзеля ўдакладнення праекту рэстаўрацыі, уладкаванне будучай будаўнічай пляцоўкі, наладжванне неабходных мэханізмаў для летніх працаў, а таксама рамонт памяшканняў для размяшчэння валанцёраў. Самым працяглым стаўся працэс рамонту некалькіх пакояў, аддадзеных дабрачыннаму фонду “Любчанскі замак” для размяшчэння валанцёраў. Рамонт праводзіўся на ахвяраванні, сабраныя МГА “Гісторыка” і ўжо зараз выкананыя працы цягнуць больш чым на 2 млн рублёў. На працягу амаль паўмесяца ў замкавым корпусе кіпелі рамонтныя працы пад кіраўніцтвам дырэктара фонду "Любчанскі замак" Івана Антонавіча Пячынскага й старшыні МГА "Гісторыка" Змітра Рагачова. Нязменным тэхнічным кіраўніком рамонту быў Павал Сітнік, а натхняльнікам і дызайнэрам – Тацяна Кірпічнік. Дзякуючы руплівай працы сябраў й прыхільнікаў МГА "Гісторыка" памяшканні цалкам пераўвасобіліся : пашарпаныя, абдзертыя сьцены былі ахайна зашпатляваныя і пафарбаваныя, вокны й падлога вычашчаныя й вымытыя, а ложкі зьмянілі свой колер на больш вясёлы. Вось жа, пакоі, якія перажылі не адну зьмену гаспадароў і паступова прыйшлі ў заняпад, нарэшце набылі прывабны выгляд. Амаль кожныя выходныя на замак выязджаў Іван Антонавіч Пячынскі, кіраўнік фонду “Любчанскі замак”. Асноўныя яго высілкі былі накіраваныя на падрыхтоўку “плацдарма” для летніх працаў. Напрыклад, адзін з працоўных дней быў цалкам прысвечаны ўсталяванню лябёдкі для пад’ёму грузаў, неабходных для завяршэння прыбудовы й тынкавання Кутняй вежы. У Кутнюю вежу быў прывезены й перанесены 41 мех цэменту, набыты на ахвяраванні, сабраныя фондам. Побач была падрыхтаваная пляцоўка для пяску, які павінны прывезці перад пачаткам працаў, а таксама перасунутая й умацаваная ёмістасць для захоўвання вапны. У Брамнай вежы распачаліся найбольш працаёмістыя працы – навядзенне перакрыццяў паміж верхнімі паверхамі вежы з мэтай выйсці на дах і замяніць спарахнелы рубэроід адзінаццацігадовай даўніны, які ўжо не трывае дажджу. Але нават узняцца на другі паверх вежы было праблемна. Таму ў адныя з выходных ліпеня дзякуючы мясцоваму сталяру Уладзіміру Кавалёву ў вежы паўстала трывалая лесвіца. З Кутняй вежы былі перанесеныя дошкі, зьнізу ўзнятыя бэлькі, прынесены рубэроід і рэйкі. І за два дні паміж трэцім, чацьвертым і пятым ярусамі Брамнай вежы былі зробленыя насцілы і ўсё падрыхтавана для таго, каб выйсці на дах і пачаць перасцілаць рубэроід. І галоўнае, атрымалася умацаваць бэльку, якая трымала цэнтральны шпіль даху і якая пасьпела спарахнець на 90 %, а значыць, яна магла выстаяць яшчэ ад сілы толькі год-два.Дарэчы, калі 11 год таму, працы па перанакрыцці даху абышліся рэстаўратарам у суму каля 10 000 даляраў, то сёлетнія працы, дзякуючы прадуманым рашэнням І.А.Пячынскага і дапамозе валанцёраў, абыдуцца фактычна коштам рубэроіду, якога яшчэ не хапае 5-7 рулек, каб перакрыць увесь дах цалкам разам з прыдашкамі. Адначасова ў Брамнай вежы ішлі працы па яе добраўпарадкаванні: на ніжнія паверхі занеслі шыбы й вокны, набытыя дырэктарам Фонду. Гэтыя вокны, няхай і старыя, заменяць на нейкі час глухія драўляныя шчыты, якімі забітыя ўсе вокны й байніцы Брамнай вежы, і ажывяць яе выгляд. Не абышлі ўвагай валанцёры й выколіцы замка. Быў умацаваны верх слупка ўязной брамы, разбіты машынай, якая выязджала з замку. Нягледзячы на шматлікія просьбы фонду аб забароне ўезду транспарту на замак, машыны па-ранейшаму свабодна заязджаюць на замчышча, наносячы часам шкоду помніку гісторыі й архітэктуры. У выніку падрыхтоўчых працаў было ўпарадкаванае і само замчышча: абкошаныя замкавыя схілы, высечаныя чартапалох і кустоўе. У сьпякотныя дні ў парку валанцёры з дапамогай мясцовых дзяцей палівалі дрэўцы, пасаджаныя, дзякуючы намаганням фонду, ў мінулым годзе. За вясну й лета быў таксама праведзены значны аб’ём даследчых працаў на Любчанскім замку пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Андруся Шулаева. Найперш былі закладзеныя шурфы на Брамнай і Кутняй вежы. А перад тым была зробленая адмысловая самадзейная люлька, на якой Андрусь і уздымаўся ўздоўж сцен Кутняй вежы. Нягледзячы на тое, што ён працаваў на трайной страхоўцы, а перад тым у люльцы дзеля праверкі яе на трываласць уздымаўся дырэктар Фонду, праца была вельмі небясьпечнай. У нармальных умовах гэтым займаюцца альпіністы, але ў фонда няма адкуль узяцца такім сродкам, каб аплаціць іх паслугі. Апроч таго, лепш за Андруся Шулаева, архітэктара, ніхто ня мог бы вызначыць дзе і як закладаць зандажы. Дадаткова былі зробленыя абмеры, неабходныя для стварэння праекту аднаўлення сцяны паміж вежамі і прыбудовы ля кутняй вежы, абмеркаваныя тэхнічныя рашэнні, якія ўзніклі ў выніку папярэдняй працы над макетам прыбудовы, а таксама былі праведзеныя натурныя даследаванні аздаблення й тынкоўкі вежаў, у прыватнасці вызначаны форма й узор зграфіто на абедзьвюх вежах.

 

Першы летнік БАСА 2007 - пачатак

 

 1 жніўня распачаўся летнік Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў (БАСА), якія ўжо 5-ы год прыязджаюць на летнюю практыку ў Любчу. Пад эгідай гэтай моладзевай арганізацыі у Любчы сабраліся 23 чалавекі зь Менску, Берасця й Горадні, а на выходных іх колькасць яшчэ павялічылася за кошт запрошаных госьцяў летніка “Любча над Нёмнам”. Першы дзень быў прысвечаны знаёмству з гісторыяй Любчы, а таксама з асаблівасцямі кансэрвацыі і рэстаўрацыі Любчанскага замка, пра што былі прачытаныя адмысловыя лекцыі й праведзеная экскурсія. У той жа дзень распачаліся працы па ўпарадкаванні замкавых збудаванняў: дзяўчаты прыбралі верхнія паверхі Брамнай вежы, хлопцы заняліся ніжнім ярусам – павыносілі будаўнічае смецце й узяліся разбіваць напластаванні цэменту савецкіх часоў, якія заміналі зрабіць нармальную падлогу й падыход да лесьвіцы ў Брамнай вежы. Адначасова завіравала праца на замкавых схілах, дзе пачалі абкошваць траву, вырубаць кустоўе й дрэўцы, якія псавалі агульны выгляд замчышча, і ўсё гэта зьбіраць у копны й вывозіць на сьметніцу. Тым часам частка студэнтаў занялася паркам: яны абразалі ніжнія галіны разрослых дрэваў. Своеасаблівай праверкай здольнасьцяў студэнтаў як рэстаўратараў стала праца па кансэрвацыі слупка замкавай брамы. У наступныя дні аб’ём працаў значна павялічыўся, таму каб пасьпець выканаць сваю частку працы, некаторым студэнтам даводзіцца ўздымацца а 5-ай ранку. Яны абкошваюць схілы, а пасьля іх падмянялі брыгады дзяўчат і хлопцаў, якія выразалі зарасці на самых цяжкадаступных месцах на схілах. У лік штодзённых працаў студэнтаў па ўпарадкаваньні замчышча зь першых дзён уваходзіць і прыборка за мясцовымі, якія пасля “культурнага” адпачынку на замку традыцыйна пакідалі пасьля сябе бутэлькі й сьмецце, а часам і адкрыта шкодзілі, скідаючы ў роў нарыхтаваны будаўнічы матэрыял. Ведаючы, што будаўнічага матэрыялу можа не хапіць для запланаваных рэстаўрацыйных працаў, студэнты загадзя парупіліся пра як мага больш эфэктыўнае выкарыстаньне таго, што засталося з мінулых гадоў: з ірвоў былі паднятыя скінутыя долу цэглы й каменне, а мінулагоднія рэшткі цэменту,  якія ператварыліся былі ў камякі, былі ашчадна расцертыя зноў у парашок, прыдатны для выкарыстаньня. Неўзабаве дайшлі рукі й да замкавых вежаў. На Кутняй вежы, каб надаць даху яшчэ большую трываласць і абароненасць у непагадзь, былі прапітаныя адпрацаванай алівай ніжнія дошкі. Цяпер драўлянаму накрыцьцю пад дахоўкай не страшная вільгаць і гнілізна.  На Брамнай вежы распачалася самая цяжкая й небяспечная праца - перасціл рубэроіду. Амаль цэлы дзень заняло абуладжванне люка для выхаду на дах і наладжаванне страховак. Быў пастаўлены мэталёвы штыр, які не толькі дазволіў надзейна замацаваць страховачныя вяроўкі, але ў далейшым не дапусціць буслоў будавацца на вежы, бо, на жаль, адкіды іх жыцьцядзейнасьці таксама шкодзяць даху. У нядзелю – заўважым тут, што ўдзельнікі летніку працуюць без выходных, - хлопцы зь ліку студэнтаў-архітэктараў пад кіраўніцтвам І. А. Пячынскага пазьбівалі старыя, струхлелыя рэйкі, а затым выканалі найбольш цяжкі кавалак працы – выклалі самы ніжні шэраг рубэроіду, каб прыбіць які І.А. Пячынскаму даводзілася літаральна вісець на вяроўцы. Да серады, 8 жніўня, працы па перасцілцы рубэроіду маюць быць завершаныя. Але ня толькі высотныя працы даводзіцца выконваць удзельнікам летніка. Паміж вежамі закіпела іншая праца - пачалося раскрыццё, ачыстка й умацаванне мура, які ішоў ад Кутняй вежы да Брамнай. У тую ж нядзелю, 5 жніўня, студэнты пачалі выкладаць пераходны слой мура, які мусіў звязаць старую вапнавую й новую бэтонную рошчыны муроўкі. Частка працоўнага часу ў летніку адводзіцца на архітэктурную практыку. Студэнты працягваюць абмеры фальварка, прылежнага да замка, які пакуль не апісаны ані ў гістарычных, ані ў архітэктурных даследаваннях. У суботу адбыўся сэмінар, скіраваны на развіццё творчага патэнцыялу архітэктараў праз уменне змяняць сваё светаўспрыняцце.

Замест запланаваных 10 дзён студэнты-архітэктары засталіся ў Любчы на 2 тыдні, каб паспець завершыць распачатыя працы, пра якія паведамлялася раней. Асаблівую падзяку фонд "Любчанскі замак" выказвае брыгадзе "высотнікаў" - Андрэю Вярыгу, Раману Забелу, Віке Розум - якія за гэтыя дні цалкам перакрылі рубэроідам брамную вежу разам з прыдашкамі пад чуйным кіраўніцтвам Івана Антонавіча Пячынскага, які распрацаваў і праверыў на сабе тэхналогію выхаду на дах і ўкладкі рубэроіда, і сам прымацаваў ніжні самы цяжкі яго шэраг. Фактычна яны ўратавалі брамную вежу, бо вада, якая пранікала скрозь струхлелы рубэроід, падточвала бэлькі апорнай канструкцыі даху і праз год-два дах мог абрынуцца. Яшчэ адной вельмі важнай працай, распачатай студэнтамі-архітэктарамі, сталася ўзвядзенне муру паміж вежамі. За час летніка расчысцілі і ўмацавалі больш за 5 мэтраў старога муру. Не спужала студэнтаў і неабходнасць выконваць усе замесы для выкладання пераходнага слою на муры ўручную : бетонамешалку атрымалася пазычыць не адразу і толькі на час.  Мулярныя працы ішлі і на прыбудове да кутняй вежы, дзе патрэбна было дакласці некалькі шэрагаў муроўкі да неабходнай вышыні. Падчас летніка адпрацоўваліся й тэхналогіі рэстаўрацыі некаторых элементаў аздобы замка. Былі падабраныя прапорцыі росчыны й вынайдзеныя спосабы нанясення зграфіто - адмысловага малюнка, выдрапанага/выразанага на тынкоўцы. Магчыма, ужо сёлета такое зграфіто будзе нанесенае на карнізы кутняй вежы.

 

Летнік пад эгідай МГА "Гісторыка" жнівень 2007 г.

 

З 13 па 27 жніўня ў Любчы праходзіў валанцёрскі летнік, арганізаваны МГА “Гісторыка”. За два тыдні у аднаўленчых працах на замку паўдзейнічала больш за 120 чалавек з усёй Беларусі : валанцёры працавалі ў Любчы хто колькі мог - хто тыдзень, хто два, хто пару дзён, - агулам на замку стала прысутнічала каля 40-60 чалавек. Дзеля лепшай каардынацыі такой вялікай грамады былі распрацаваныя пэўныя правілы, якім надалі форму ролевай гульні : Любчанскі замак з прылежнымі землямі абвяшчаўся Вялікім Княствам Любчанскім, дзе кіраўнік летніка называўся Вялікім Князем, працоўныя брыгады - харугвамі, кухары – чашнікамі і г. д. Жыццё ў летніку рэгулявалася статутам Любчанскага княства, галоўнымі мэтамі якога была адбудова матэрыяльнай спадчыны й фармаванне духоўных каштоўнасцяў на прынцыпах талеранцыі, кампраміснасці, пачуцця адказнасці й гістарычнай памяці. Дзеля паспяховага дасягнення першай мэты кожная брыгада-харугва атрымала сваю дзялянку працу. Адной з найбольш важных задачаў сёлетняга летніку, выкананне якой патрабавала шмат часу і сілаў, было будаўніцтва абарончага муру паміж вежамі, пачатак якому быў пакладзены студэнтамі-архітэктарамі ў першай палове жніўня. Над ажыццяўленнем гэтай каласальнай працы шчыравала адразу некалькі харугваў : не спыняючыся працавалі 2 бетонамешалкі, часова пазычаныя ў мясцовых жыхароў. Харугва пад кіраўніцтвам Сержука Кудзякіна нястомна рабіла замесы і падносіла рошчыну да мура, адкуль яе падавалі на сцяну і ўжо іншыя харугвы працягвалі мураванне й бутаванне сцяны. Паралельна кіпела праца па па прасейваньні пяску, нарыхтоўцы буту для напаўнення сцяны, для чаго разьбіваліся велізарныя камяні і г.д. У выніку мур атрымалася вывесьці на вышыню 80 см пры даўжыні 13 м. Вельмі важныя адбываліся на Кутняй вежы : дзяўчаты падрыхтоўвалі карніз да тынкоўкі, прамазваючы шчыліны ў швах паміж цаглінамі. Быў закладзены да аўтэнтычных памераў разьбіты прахон вакна вежы. Вялікі князь уласнаруч збіў і навесіў дзьверы для ўваходу ў прыбудову і саму вежу. У прыбудове да Кутняй вежы выклалі цагляныя прыступкі лесвіцы, якая вядзе долу, да лядоўні. У Брамнай вежы нарэшце заклалі прабітыя ў савецкі час дзверы ў памяшканне былой вязніцы, якое атрымалася надзейна зачыніць ад вандалаў. На верхніх паверхах вежы знялі драўляныя шчыты, якімі былі забітыя аконныя прахоны, і пачалі ўсталёўваць часовыя вокны з рамамі, каб памяшканьні вежы маглі праветрывацца. Была завершаная праца па ачыстцы наднёманскага схілу замчышча ад кустоўя і зарасцяў. Працы ў летніку вяліся ад ранку й да захаду сонцы. Нават выходны дзень – нядзеля – быў аддадзены на карысьць агульнай справы : частка ўдзельнікаў летніку сабраліся на супольнай малітве, частка далучылася да мерапрыемства мясцовых уладаў – раённых Дажынак. Фізычная праца дала плён ня толькі матэрыяльны: падчас працы нараджаліся новыя сьпевы, легенды, показкі, прыказкі, накшталт “Пад ляжачы камень цэмент не цячэ”. Новыя легенды паўсталі вакол адбудаванага муру : каб загартаваць дух цяперашніх і будучых удзельнікаў летніку, было вырашына замураваць статут Вялікага Княства Любчанскага, і пакуль будзе стаяць непарушна мур паміж вежамі Любчанскага замка, ня будзе на ім волі чалавечым заганам і слабасьцям, што зьневажаюць годнасьць чалавека. Духоўнае кшталтаванне ўдзельнікаў летніку адбывалася дзякуючы ня толькі супольнай працы, але і разнастайным культурным мерапрыемствам. Асабліва насычанымі й пазнавальнымі былі вечары ў Любчанскім замку, калі чыталіся лекцыі на гістарычныя тэмы, адбываўся прагляд мастацкіх фільмаў, ля вогнішча ладзіліся паэтычныя імпрэзы, гучалі сьпевы пад гітару, флейту й дуду, ладзілася навучаньне народным танцам.

Фонд “Любчанскі замак” выказвае вялікую падзяку ўсім удзельнікам летніку. Хацелася б асабліва падзячыць тым, дзякуючы каму летнік падоўжыўся яшчэ на адзін працоўны дзень, - Міколу Рудакоўскаму й Алеся Зайцу, якія нягледзячы на стому, назапашаную за 2 тыдні адданай працы, знайшлі ў сабе сілы застацца й вывясьці мур да фінальнага на гэты год узроўню. А таксама сям'і Малашчанак з Баранавіч, якія, завітаўшы па сваех справах у Любчу, ня проста засталіся ўбаку, як турысты на агледзінах замка, а, не пабаяўшыся цяжкой працы, актыўна ўключыліся ў справу аднаўлення любчанскіх муроў і засталіся разам з дырэктарам фонду й валанцёрамі да позняй ночы.

ГОД 2008

 

Летнік БАСА ліпень 2008.

 З 8 па 19 ліпеня прайшоў чарговы летнік моладзевага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў“ (МГА “БАСА”) “Lubča nad Niomanam-1”, які распачаў шэраг летніх студэнцкіх акцыяў па захаванні ды аднаўленні архітэктурнае спадчыны Беларусі ў розных кутках краіны. Гэтым разам у Любчы сабраліся больш за 30 чалавек з Мінска і Берасця і іншых мясцін. Большасць з іх склалі студэнты-архітэктары першага курса, якія раней аніколі не бралі ўдзел ў летніках такога кшталту. Менавіта таму найперш каардынатары акцыі правялі для навабранцаў гульню на знаёмства з мястэчкам, ягонай гісторыяй ды архітэктурай, а таксама зладзілі экскурсію па самой тэрыторыі замка ды наваколлі. Пасля распачалася непасрэдна праца на аб’екце – помніку архітэктуры XVI-XIX ст. Працы пачаліся з усталявання ды ўмацавання ніжніх шэрагаў рыштавання, якое атачае Кутнюю вежу. Гэта дало магчымасць распачаць замену размарожаных цаглінаў у сцяне вежы ды зрабіць больш зручнай працу з адлівамі.  На працягу ўсяго летніка праходзіла нарыхтоўка адмысловага жвіру пад тынкоўку вежы. Праца ішла настолькі інтэнсіўна, што яе не вытрымлівалі спяцоўкі ды рыштунак, ў выніку чаго можна сказаць, што студэнты мянялі пальчаткі… як пальчаткі. Паралельна ішла праца па падрыхтоўцы сценаў вежы да грунтоўкі. Пасля чаго яны былі пагрунтаваныя ды пашпатляваныя (агулам больш за 320 м2 сцяны). Студэнты-архітэктары на чале з кіраўніком Дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” усталявалі на прыбудове да Кутняй вежы канструкцыю з прускага муру - драўляную каркасную сістэму, якая складаецца са злучаных паміж сабою стоек, бэлек і раскосаў, таксама вядомую як фахверк. Ва ўмовах дажджу і моцнага ветру ішла зборка часовага даху над усёй канструкцыяй.  У самой Кутняй вежы ды на прыбудове была пакладзеная часовая падлога. Акрамя таго нарэшце завершанае зграфіта на карнізе вежы. Гэта надае ёй акрамя існае гістарычнае ды горадабудаўнічае, яшчэ і мастацкую вартасць. Працы па ягоным аднаўленні цягнуліся роўна год.  Валанцёры-навабранцы паказалі сябе як старанныя і адказныя працаўнікі, што з радасцю адзначалі каардынатары. Адметнасцю гэтага летніка сталі кулінарныя эксперыменты дзяжурных. Мала дзе давядзецца пабачыць “палявую” кухню, з якой у амаль экстрымальных абставінах выходзяць такія смачныя супы і надта ж пышныя аладкі. І ці жартачкі тое: наляпіць уласнымі рукамі 220 пяльменяў! Таццяна Бараўко, Раман Забела .

 

Летнік БАСА - жнівень 2008.

 Летнік “Lubča nad Niomanam-2” адбыўся з 5 па 16 жніўня і з’явіўся непасрэдным працягам ліпеньскага архітэктурнага летніка МГА “БАСА”. Падрыхтоўкай, арганізацыяй, каардынацыяй летніка заняліся ўжо які год запар сталыя ўдзельнікі ды каардынатары - Максім Назарчук, старшыня праўлення МГА “БАСА” Раман Забела, намеснік старшыні Каця Лапаціна, а таксама далучыліся і новая людзі – першакурсніца Кацярына Маслава, чалавек, для якога любчанскі летнік стаў першым арганізацыйным досведам мерапрыемстваў такога кшталту. Як тое і вядзецца, у замку сабраліся студэнты розных курсаў, у большасці сваёй з Мінска ды Берасця, а таксама тыя былыя навабранцы, хто палічыў незавершанай сваю місію ў першым летніку. У летніку валанцёры працягнулі працу па выяўленні ды ўмацаванні старых падмуркаў ды аднаўленні замкавага мура, які злучае дзве вежы. Агулам за два летнікі было адноўлена 15,5 м (30 м3) сцяны, на якую пакладзеная гідраізаляцыя. Варта адзначыць, што для аднаўлення мура валанцёры выкарыстоўвалі цэглу са старога польскага млына, які знаходзіўся ў аварыйным стане і быў перададзены пад разборку. На гэта валанцёры аддалі тры дні і працавалі усім летнікам талакою. Хлопцы і дзяўчаты разам нарыхтавалі каля 40 т. цэглы – і ўсё гэта толькі пры дапамозе малатка і рук.

Працу па нарыхтоўцы будаўнічых матэрыялаў - дрэва і цэглы - значна палегчылі школьнікі з Бабруйску, якія ў гэты самы час разам з настаўнікамі і кіраўнікамі дзіцяча-юнацкага цэнтру вандраванняў і краязнаўства “Бабраня” ладзілі вандроўку, прысвечаную памяці славутага мастака, кампазітара ды піяніста Напалеона Орды. На некалькі дзён група ўладкавалася ў рэгулярным парку XIX стагоддзя непасрэдна каля самога замка. У асноўным, хлапцы дапамагалі студэнтам у нарыхтоўцы дрэва. Вельмі прыемна тое, што гэта было іхняе добраахвотнае рашэнне і школьнікі самі прапанавалі на дапамогу. Вялікай мужнасцю адзначылася брыгада дзяўчат, што на працягу некалькіх дзён апрацоўвалі драўляную канструкцыю фахверка, якая была усталяваная цягам першага летніка. Гэта абараніла яе ад вільгаці, рознага кшталту шашаля ды надало дрэву прыемны цёмна-бранзовы колер. Нягледзячы на моцны пах распушчальнікаў (а мабыць менавіта дзякуючы яму), дзяўчаты знаходзіліся ў цудоўным настроі і два разы прафарбавалі ўсю канструкцыю. Натуральна, што менавіта гэтыя дні сталіся часам стварэння цудоўных легендаў і паданняў, якія абавязкова пачуюць удзельнікі наступных летнікаў! Брыгадай студэнтаў праведзеная рэстаўрацыя сцяны Кутняе вежы, шляхам якой адноўлена 20 кв.м. пашкоджанае муроўкі. Гэта дало магчымасць працягнуць тынкоўку вежы ды канчаткова падрыхтаваць яе пад нанясенне колеру. Менавіта афарбоўцы Кутняе вежы і былі прысвечаныя апошнія некалькі дзён летніка. Вынік сумленна і якасна выкананае працы надаў аптымізму і замацаваў надзеі на паўстанне ўсяго замкава-палацавага комплексу нават тых людзей, хто дарэшты ня мог даць веры на аднаўленне і наданне новага жыцця старажытным мурам. Вежа наблізілася да свайго канчатковага выгляду, а гэта значыць, што падыходзіць да свайго завяршэння першы этап рэстаўрацыі замка, і хутка праца выйдзе на новы ўзровень. Як адзначыў кіраўнік Фонду Іван Антоныч Пячынскі, “…да гэтага мы ішлі на працягу сямі гадоў”. Іван Антонавіч выказаў валанцёрам шчырую падзяку ад усіх любчан, адзначыў што ў гэтым годзе зроблена працаў у тры разы больш, чым у мінулым годзе. Ен асобна падкрэсліў, што такое стала магчымым толькі дзякуючы таму, што чальцы БАСА Зміцер Савельеў, Раман Забела, а таксама Мікола Рудакоўскі з Любчанскага СПК сумесна с кіраўніком Фонда правялі папярэдне вялікую падрыхтоўчую працу, што дазволіла ўдзельнікам першых летнікаў выканаць значна большы аб'ём працаў, чым іх наступнікам.

 

Афіцыйная справаздача фонду "Любчанскі замак" за 2008 год!

 

Згодна з пералікам працаў па аб’екце Любчанскі замак., зацверджанага Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, у 2008 г. былі выкананыя наступныя працы.

На Кутняй вежы : 1. Вырабленыя шаблоны для выканання карніза і малюнка зграффіта. 2. Выкананыя працы : • Тынк карніза з выкананнем малюнка ў тэхніцы зграффіта паводле тэхналогіі, узгодненай з Міністэрствам Культуры; • Рамонт і падрыхтоўка 70 % паверхні знешніх сцен вежы пад тынк; • Тынкаванне 70 % паверхні знешніх сцен вежы; • Завершанае даследаванне па вызначэнні колеру афарбоўкі Кутняй вежы, малюнка зграффіта • Закупленыя грунт і фарба для завяршэння фасадных прац на Кутняй вежы 3. Адноўленыя знешнія часткі дзвярнога праёма другога ўзроўня, аконнага праёма трэцяга ўзроўня і асобныя фрагменты сцен вежы. 4. Адноўленая цагляная частка маршу ў прыбудове. 5. Працягнута выраўноўванне пашкоджаных участкаў абарончых валоў і іх ачыстка ад зарасніку. 6. Працягнутыя працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі замчышча і парку.

На Брамнай вежы : • Скончаны дэмантаж галерэі паміж флігелем і Брамнай вежай; • Зробленыя рыштаванні для падняцця і ўстаноўкі бэлек перакрыцця на чацвертым узроўні вежы; • Усталяваныя бэлькі перакрыцьця чацвёртага ўзроўня вежы, па іх насланая чарнавая падлога;  

Дадаткова да Плана выкананыя працы: • Выраб рыштаванняў для рамонту і падрыхтоўкі паверхні знешніх сцен пад тынкаванне Кутняй вежы; • Перанос рыштаванняў для афарбоўкі паверхні знешніх сцен Кутняй вежы; • Частковая падсыпка грунту аголеных участкаў падмурка паўднёва-заходняй абарончай сцяны; • Выраб прыстасавання для пад’ёму будаўнічых матэрыялаў на Брамную вежу; • Працяг касметычнага рамонту другога паверха памяшканняў флігеля, дзе падчас працы жывуць валанцёры; • Працяг працы па падрэзцы дрэваў і даглядзе 350 саджанцаў, высаджаных у 2005 г. замест загінулых дрэваў у парку • Працяг даследаванняў гісторыі Любчы і замка У справаздачным годзе ўсе працы арганізаваў і кантраляваў заснавальнік Фонду. Ён зладзіў 23 выезды на замак па выходных і святочных днях, падчас якіх адпрацавана 200 чалавека-дзён. У валанцёрскіх летніках прынялі ўдзел 83 валанцёры, якія адпрацавалі 710 чалавека-дзён. Усяго ў 2008 г. адпрацавана 910 чалавека-дзён. Агулам за 6 год безаплатна адпрацавана больш за 3959 чалавека-дзён, а ў працах прыняло ўдзел больш за 540 валанцёраў. Атрыманая фінансавая дапамога на суму 25 000 000 руб. Атрыманая безграшовая дапамога матэрыяламі на суму 2 300 900 руб. У 2008 г. агулам выкана працаў на суму 45 270 548 руб.

 

ГОД 2009

БАСА Верасень

Амаль кожныя выходныя верасня адбываліся выезды валанцёраў на Любчанскі замак. За гэты час быў распачаты новы адказны этап аднаўлення Кутняй вежы замка - запаўненне фахверкавага каркаса прыбудовы. Выкладанне сцен фахверкай прыбудовы патрабуе вялікай руплівасці і ўважлівасці ў выкананні, і таму прасоўваецца досыць паволі, у выніку, працы зацягваюцца да позняй ночы. Але вялікае дасягненне ўжо ёсць : фахверк запоўнены на 60 %! Далейшыя поспехі залежаць ад людзей, якія здолеюць сабрацца на дапамогу на выходныя ў кастрычніку. Таму запрашаем усіх далучацца! У верасні нарэшце завяршылася праца над комінам Кутняй вежы : ён быў патынкаваны, а зверху на ім была ўсталяваная абарона ад птушак і вільгаці. Дзякуючы завяршэнню працаў над зграфіта, нарэшце атрымалася распачаць даўно задуманае зняццё рыштаванняў, якія прастаялі 7 (!) год і ўжо пачалі выклікаць заканамерныя хваляванні што да сваёй надзейнасці. Кіраўнік фонду Іван Пячынскі з дапамогай Міколы Рудакоўскага зняў першы, самы верхні шэраг рыштаванняў. Працягваюць тынкавацца сцены ўнутры прубудовы і абарончы мур, а таксама лекавацца сцены Кутняй вежы. Дзякуй вялікі Ніне Максімаўне і Міколу Рудакоўскам. Дзякуем усім валанцёрам, якія прыязджалі на вераснёўскія выходныя ў Любчу .

 

Падзяка валанцёрам 2009

Завяршыўся сезон валанцёрскіх летнікаў 2009 году ў Любчы. Працы на замку яшчэ працягваюцца, і кожныя выходныя ў Любчы кіраўнік фонда чакае на валанцёраў, але час падвесці прамежкавыя вынікі. Валанцёры агульнымі намаганнямі надалі новы завершаны ў мастацкім плане выгляд Кутняй вежы Любчанскага замка, выканаўшы працы па ўсталёўцы каркасу фахверка вежавай прыбудовы і тынкоўцы фасадаў вежы з нанясеньнем малюнка зграфіто вакол вокнаў і байніцаў, а таксама на 3/5 аднавілі падмуркі абарончага мура паміж вежамі. Фонд Любчанскі замак выказвае вялікую падзяку ўсім валанцёрам, якія далучаліся да летнікаў, падарожнікам, якія прыязджалі на выходныя і заставаліся дапамагаць на замку, людзям, які дапамагалі працам, хто сваем удзелам, хто фінансавымі сродкамі, хто будаўнічымі матэрыяламі і рыштункам, хто ежай для валанцёраў. Усім вам вялікі дзякуй! Упершыню да працы на Любчанскім замку далучыліся будаўнічыя фірмы. Дзень Будаўніка ў Любчы ўдарнай працай адзначыла фірма КЕМА . Вялікі дзякуй яе супрацоўнікам (Дудзік Таццяне, Каліновік Вользе, Мулярчык Юліі, Кацэлла Ігару, Пятровічу Яўгену, Шарык Андрэю) за дапамогу і каштоўныя парады па карыстанні набытымі праз гэту фірму будаўнічымі матэрыяламі Асобная падзяка Міколу Рудакоўскаму, ветэранару калгаса Прынёманскі, які ахвяраваў увесь вольны час працам на Любчанскім замку. Вынік цяпер можа ўразіць кожнага : зграффіта вакол байніц і вокнаў Кутняй вежы, залечаныя падмуркі Кутняй вежы - гэта менавіта яго заслуга. Дзякуй валанцёрам БАСА, якія сёлета правялі ў Любчы два летнікі - у ліпені і жніўні:

 ліпень Андруковіч Анастасія, Бандарэнка Алена, Барысавец Міхаіл, Буйко Кацярына, Гаварун Кацярына, Дабравольская Ганна, Даніелян Вольга, Забела Раман, Івашчанка Маргарыта, Кавалеўскі Павел, Кандрацюк Раман, Кісялёў Міхаіл, Куцыла Вольга, Леўчанка Ганна, Лойка Яўген, Лятун Антон, Максімовіч Ілля, Мамуль Уладзіслаў, Маслава Кацярына, Мікалаеў Ігар, Мусалёва Марыя, Назарчук Максім, Палівода Марына, Рудакоўская Марыя, Савасцянава Юлія, Савельеў Змiцер, Сяргей Віктар, Шаўко Зарына, Яфрэмаў Антон.

жнівень Амяляшка Юлія, Бакавец Алеся, Бараўко Таццяна, Булгакава Яўгенія, Вінарскі Алег, Вярыга Андрэй, Ганчароў Міхал, Дадацкая Натальля, Далініна Вольга, Дражнік Лілея, Забела Раман, Іванашка Кацярына, Канончанка Аляксандра, Карэліна Вікторыя, Лапаціна Каця, Лахт Ірына, Ліфшыц Юры, Локцікаў Віктар, Малей Яўгенія, Маслава Кацярына, Мікалаеў Ігар, Мохава Віталія, Назарчук Максім, Нішчанка Павал, Палівода Марына, Рафальская Дыяна, Рослая Галіна, Савельеў Зьміцер, Серада Арсень, Турбін Андрэй, Фількевіч Ірына, Хільчышын Раман, Шахалевіч Юлія.

Дзякуй валанцёрам летніка пад эгідай “Гісторыкі”, які адбыўся з 17 па 30 жніўня:

Віцько Зміцер, Волкава Наталля, Вярбоўская Надзея, Гілевіч Ева, Глеб Хатомцаў, Жарская Настасся, Жылік Аляксей, Заяц Аляксандр, Карвігава Крысціна, Казак Сяргей, Калеснікава Ірына, Кірпічнік Таццяна, Кірыенка Марыя, Клюкін Андрэй, Леанькоў Яўген, Ліпніцкая Аляксандра, Майстрэнка Наста, Макруш Сяргей, Марчук Яна, Міхайлоўская Таша, Прымака Васіль, Пятрова Аліна, Рудкоўскі Мікола, Савіцкая Кацярына, Сваяк Даніла, Сінюціч Кірыла, Сітнік Павел, Скок Аляксей, Сялевіч Віялета, Сялевіч Настасся, Фурс Паліна, Ціханаў Яўген, Яіна Таццяна. Асобна адзначым і Аляксея Палянскага з Новага Свержаня, які стаў самым сталым і самым энэргічным і харызматычным удзельнікам жнівенскіх рэстаўрацыйных прац на замку.

 

Radziwill.by шчыра і з захапленнем ад праведзеных працаў дзякуе архітэктару і актыўнаму ўдзельніку любчанскіх і альбянскіх летнікаў (пра іх размова наперадзе) Андрэю Шулаеву і сайту lubcza.org  за дасланыя матэрыялы і адмыслова напісаны артыкул для нашага сайту.